А́МІ
(Ammi),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Амі зубная (A. visnaga) і вялікая (A. majus) культывуюцца на Каўказе, паўд. Украіне і ў Малдове. Інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. сад АН Беларусі.
Адна- або двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым голым баразнаватым сцяблом выш. 50—80 см. Лісце складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя ў складаных парасоніках. Плод — двухсямянка; мае эфірны алей, келін, віснагін, ізапімпінелін, бергаптэн і інш. біял. актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры каранарнай недастатковасці, бранхіяльнай астме, коклюшы, як спазмалітычныя сродкі; прэпарат аміфурын — для лячэння віціліга і кругападобнай лысасці. Харчовыя (ужываюцца карані), меданосныя, вострапрыпраўныя і эфіраалейныя расліны.
т. 1, с. 316
АМІ́ДА,
Аміда-буцу, Аміда-нёрай, адно з гал. божастваў японскай будыйскай міфалогіі; буда, уладыка запеватнай «чыстай зямлі», куды трапляюць праведнікі. Вакол Аміды склалася яп. разнавіднасць будызму — амідаізм.
т. 1, с. 316
АМІДА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць расшчапленне рэчываў тыпу кіслотных амідаў з утварэннем аміяку. Пашыраны ў жывых арганізмах. У ліку амідазаў аспарагіназа (прэпарат выкарыстоўваецца ў медыцыне), глутаміназа, урэаза і інш.
т. 1, с. 316
АМІДАСТАМО́З,
інвазійная нематадозная хвароба гусей (пераважна маладняку да 4 мес), качак і інш. птушак, якая выклікаецца нематодамі амідастомамі. Пашыраны ўсюды. Пік інвазіі ў сярэдзіне лета. Птушкі заражаюцца праз корм, абнасенены яйцамі гельмінтаў. Паказанні: запаленне слізістай абалонкі страўніка, парушэнні стрававання, кволасць, страта апетыту, хісткая хада.
т. 1, с. 316
АМІДАСТО́МЫ
(Amidostomum),
род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.
Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.
т. 1, с. 316
АМІ́ДЫ КІСЛО́Т,
вытворныя кіслародазмяшчальных кіслот, у малекуле якіх гідраксільная група ОН замешчана амінагрупай NH2. Нейтральныя рэчывы. Аміды кіслот неарганічныя: сульфамінавая к-та H2NSO2OH, трыамідафосфарная к-та OP(NH2)3. Да амідаў кіслот арган. належаць: фармамід, ацэтамід CH3CONH2, мачавіна, акрыламід і інш. Вядомы аміды сульфакіслот (напр., бензолсульфамід C6H5SO2NH2). Аміды кіслот атрымліваюць дэгідратацыяй амоніевых соляў ці ўзаемадзеяннем аміяку або амінаў з вытворнымі адпаведных кіслот. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сульфмідных прэпаратаў і поліамідаў.
т. 1, с. 316
АМІ́ДЫ МЕТА́ЛАЎ,
неарганічныя злучэнні агульнай формы M(NH2)n (M — метал, n — ступень акіслення металу). Аміды шчолачных металаў стабільныя крышт. рэчывы, цяжкіх металаў — выбухованебяспечныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем металаў з аміякам. Аміды натрыю выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сінт. індыга, лек. прэпаратаў (амідапірыдзінаў), вітаміну A і інш.
т. 1, с. 316
АМІ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,
аліфатычныя насычаныя спірты, C5H11OH. Вядома 8 ізамерных амілавых спіртоў, у т. л. ізаамілавы спірт (CH3)2CHCH2CH2OH — асн. кампанент сівушнага масла, з якога яго і атрымліваюць. Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам, tкіп132°C, шчыльн. 0,81·103 кг/м³, мала растваральная ў вадзе, ядавітая. Амілавыя спірты — сыравіна для вытв-сці амілацэтатаў, растваральнікі для лакафарбавых матэрыялаў, пенаўтваральнікі ў флатацыі, кампаненты ў вытв-сці пораху, лекаў і інш. Аказваюць наркатычнае дзеянне на чалавека.
т. 1, с. 316
АМІЛА́ЗЫ,
ферменты, якія каталізуюць гідралітычнае раскладанне крухмалу, глікагену і інш. поліцукрыдаў на больш простыя вугляводы. Знойдзены ў слінных і падстраўнікавай залозах жывёл, прарослым насенні вышэйшых раслін, мікраарганізмах. Удзельнічаюць у працэсах стрававання, выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы крухмалістай сыравіны для хлебапякарнай, спіртавой, піваварнай прам-сці, пры вытв-сці глюкозы і інш.
т. 1, с. 317
АМІЛАПЕКЦІ́Н,
поліцукрыд, разгалінаваныя малекулы якога пабудаваны з астаткаў α—d-глюкозы. Уваходзіць у састаў крухмалу (звычайна 70—90%). У т.зв. воскападобных сартах кукурузы, ячменю, рысу крухмал складаецца толькі з амілапекціну. Раствор амілапекціну афарбоўваецца ёдам у чырвона-фіялетавы колер.
т. 1, с. 317