АМЯЛА́
(Viscum),
род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгаватаавальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.
т. 1, с. 330
АМЯЛУ́ШКА
(Bombycilla garrulus),
птушка атрада вераб’інападобных. Пашырана ў хвойных лясах Паўн. Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (ліст.) пралётах, асобныя зрэдку зімуюць. Трымаецца чародкамі да 200 асобін.
Даўж. да 21 см, маса да 73 г. Апярэнне густое, мяккае, ружова-шэрае. На крылах і хвасце невял. жоўтыя, белыя і чырвоныя плямкі. Высокі чуб на галаве. Гняздуецца на дрэвах. Нясе 5 яец. Корміцца ягадамі рабіны, шыпшыны, крушыны, ядлоўцу і пупышкамі раслін.
т. 1, с. 330
АМЯЛЬНА́Я,
вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПдУ ад Івацэвічаў, 178 км ад Брэста, 45 км ад чыг. ст. Івацэвічы. 523 ж., 171 двор (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 1, с. 330
АМЯЛЬНЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на вярховым балоце Парэцкі Мох у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1784 га (1994). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-сфагнавыя і хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах і «астраўках» балота — хваёвыя, хваёва-бярозавыя і асінава-яловыя лясы. Шматлікая касандра (балотны верас); на прылеглых да балота сырых лугавінах вялікая папуляцыя касача сібірскага, занесенага ў Чырвоную кнігу Беларусі.
т. 1, с. 330
АМЯЛЬЯ́НЧЫК Міхаіл Сцяпанавіч
(н. 10.2.1940, в. Заточча Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне агульнай гігіены. Д-р мед. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1969). У 1969—77 і з 1980 у гэтым ін-це (з 1994 заг. кафедры). У 1977—80 у Аддзеле рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР. Навук. працы па гігіене працы ў розных галінах вытв-сці, па пытаннях забруджвання навакольнага асяроддзя, аховы здароўя і захоўвання генафонду бел. нацыі.
Тв.:
Экспериментальное изучение ингаляционного воздействия этанола на крыс при беременности на некоторые показатели у потомства // Алкоголизм и наследственность: (Материалы Междунар. симпозиума). М., 1987;
Peril of ethanol consumption by offsprings of rat intoxicated by low doses of alcohol (разам з А.В.Ліопам, В.У.Чумаковай) // Alcoholism: Clinical and Experimantal Research. Seventh Congress of the International Society for Biomedical Research on Alcoholism. Gold Coast, Queensland, Australia, 1994. Vol. 18. № 2.
т. 1, с. 330
АМЯЛЯ́НСКІ Васіль Леанідавіч
(10.3.1867, Палтава — 21.4.1928),
мікрабіёлаг. Акад. АН СССР (1923). Скончыў Пецярб. ун-т (1890). Вучань С.М.Вінаградскага. З 1893 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы аб ролі мікраарганізмаў у кругавароце рэчываў (азоту і вугляроду), яе комплексным даследаванні марфал. і фізіял. метадамі. У 1904 вылучыў культуру бактэрый, якія выклікаюць метанавае і вадароднае браджэнне цэлюлозы. Першы адзначыў, што мікраарганізмы можна выкарыстоўваць як хім. індыкатары. Аўтар першага ў Расіі падручніка «Асновы мікрабіялогіі» (1909).
т. 1, с. 330