Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМГА́,

рака ва Усх. Сібіры, левы прыток Алдана, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 1462 км, пл. бас. 69,3 тыс. км². Пачынаецца на Алданскім нагор’і, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне з камяністым рэчышчам, у нізоўях — на Цэнтральнаякуцкай нізіне, даліна шырокая, рэчышча звілістае. Жыўленне снегавое і дажджавое. Высокае веснавое разводдзе і частыя летнія паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Зімой наледзі. Сярэднегадавы расход вады каля 190 м³/с. У бас. Амгі больш за 5,5 тыс. азёраў. Суднаходная на 472 км ад вусця.

т. 1, с. 310

АМГО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 23 км на ПнУ ад Слуцка, 125 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Слуцк. 520 ж., 202 двары (1995). Сярэдняя школа, клуб, бальніца, аддз. сувязі. За 0,3 км на ПдЗ ад Амговіч гарадзішча жал. веку. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.

т. 1, с. 310