АМАГА́САКІ,
горад у Японіі, буйны прамысл. прыгарад г. Осака, на Пд в-ва Хонсю. 509 тыс. ж. (1995). Порт на Унутраным Японскім моры. Металургія, маш.-буд., хім., цэментавая, тэкст., шкляна-керамічная, авіяц. прам-сць.
т. 1, с. 302
АМА́ДУ
(Amado) Жоржы (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер. літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл. Сусв. Савета Міру.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986—87.
П.П.Акулаў.
т. 1, с. 303
АМАДЫ́ЕС
(Amadeus Lake),
бяссцёкавае салёнае возера ў цэнтр. пустыннай ч. Аўстраліі. Займае падоўжаную ўпадзіну паміж гарамі Мак-Донел і Масгрэйв, на выш. 204 м. Перасыхае, пл. змяняецца па сезонах і гадах, найбольшая 8700 км². Рэштка больш буйнога ў мінулым вадаёма.
т. 1, с. 303
АМАЗАНІ́Т
(ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.
т. 1, с. 303
АМАЗО́НАС
(Amazonas),
штат на ПнЗ Бразіліі, у Амазонскай нізіне. Пл. 1564,4 тыс. км². Нас. 2200 тыс. чал. (1990). Адм. цэнтр — г. Манаус. У экватарыяльных лясах збор соку гевеі. На плантацыях вырошчваюць джут і перац.
т. 1, с. 303
АМАЗО́НКА
(Amazonas),
рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл. бас. 7180 тыс. км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс. км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс. м³/с, макс. — больш за 300 тыс. м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс. км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).
т. 1, с. 303
АМАЗО́НКІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-ваяўніцы, якія жылі ў Малой Азіі ці ў перадгор’ях Каўказа. У пэўную пару года Амазонкі ўступалі ў блізкія адносіны з мужчынамі з мэтай захавання роду. Народжаных хлопчыкаў аддавалі на выхаванне бацькам ці забівалі, дзяўчынак пакідалі сабе і рыхтавалі іх да вайны. Амазонкі ўзбройваліся лукамі, баявымі сякерамі, лёгкімі шчытамі, самі выраблялі адзенне, шлемы і інш. вайсковы рыштунак.
т. 1, с. 303
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА,
Амазонія, найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас. р. Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн. км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
т. 1, с. 303
АМАЛАДЖЭ́ННЕ,
1) набыццё арганізмам, які старэе, прыкмет маладосці; працэс процілеглы старэнню. Першая навук. канцэпцыя амаладжэння належыць франц. вучонаму Ш.Э.Броўн-Секару (1889), які меркаваў, што прычына старэння — аслабленне палавой актыўнасці, а амаладжальны сродак — экстракт палавых залоз жывёл. Амаладжальныя ўласцівасці ў розны час прыпісваліся балгарскай сыраквашы, антырэтыкулярнай цытатаксічнай сываратцы, гармонам, навакаіну і інш. Па сучасных уяўленнях амаладжэнне складанага шматклетачнага арганізма немагчыма з прычыны незваротнасці фаз антагенезу (дзяцінства, маладосць, сталасць, старасць). Можна гаварыць пра запаволенае старэнне, карэкцыю ўзроставых змен, працягласць жыцця, але не пра амаладжэнне ў поўным сэнсе гэтага слова.
2) Павелічэнне маладых асобін у складзе папуляцыі або ўзмоцненае размнажэнне клетак шматклетачнага арганізма.
т. 1, с. 304
АМАЛО́Н,
рака, правы прыток Калымы, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція) Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1114 км. Пл. бас. 113 тыс. км². Пачынаецца на Калымскім нагор’і, цячэ ў вузкай горнай даліне. Пасля ўпадзення р. Кегалі даліна расшыраецца, рака разбіваецца на рукавы. Асн. прытокі: Малангда, Алой, Алайчан (справа); Кедон (злева). Замярзае ў кастр., крыгалом у канцы мая — пач. чэрвеня. У вярхоўях перамярзае, утвараюцца наледзі. Сярэдні расход вады ў верхнім цячэнні 33,7 м³/с. У ніжнім цячэнні сплаўная. Суднаходная на 595 км ад вусця.
т. 1, с. 304