Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМФАДАНТО́З,

тое, што парадантоз.

т. 1, с. 327

А́МФАРА

(лац. amphora ад грэч. amphoreus),

у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.

т. 1, с. 327

АМФАТЭ́РНАСЦЬ

(ад грэч. amphoteros і той і гэты),

здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.

Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H​+ і OH​- іоны (напр., Cr​3++3OH​- ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H​++CrO​-2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.

т. 1, с. 327

АМФІ...

(ад грэч. amphi каля, вакол, з двух бакоў),

прыстаўка, якая абазначае: «з двух бакоў», «вакол», «дваякі», напр., амфіміксіс, амфікарпія.

т. 1, с. 327

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

АМФІБАЛІ́Я (ад грэч. amphibolia двухсэнсавасць) у літаратуры, двухсэнсавасць выразу, якая ўзнікае ў выніку сінтаксічнай няўзгодненасці асобных частак выказвання. Напр., у радку верша В.Макарэвіча «Гораду», «Былы я лесаруб, каваль» 2 словы «былы я» ўспрымаюцца як адно «былыя».

т. 1, с. 328

АМФІБІЁНТЫ

[ад амфі... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл. Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш. Найб. пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.

т. 1, с. 328

АМФІ́БІІ,

гл. Земнаводныя.

т. 1, с. 328

«АМФІ́БІЯ»,

1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.

т. 1, с. 328

АМФІБО́ЛЫ

(ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),

група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe​+3, Fe​+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.

т. 1, с. 328