АМРЫ́ТСАР,
горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл. цэнтр. Тэкст., маш.-буд., хім. прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.
Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал. рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс. чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.
т. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)