АМЕ́ГА,
назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення О («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
А.М.Булыка.
т. 1, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)