Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАДКЕ́ВІЧЫ,

магнацкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Асобныя прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Грыф з мячом». Вялі радавод ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) Юр’евіча, празванага Ходкам (Ходзькам), які ў 1434 разам з інш. падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. У 2-й пал. 16 ст. Х. перайшлі з праваслаўя ў кальвінізм, потым у каталіцтва. У 1568 сярэдняя галіна роду атрымала графскі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Тытул быў прызнаны ў ВКЛ, Х. тытулаваліся графамі «на Шклове і Мышы». Сярэдняя галіна роду згасла ў 1626, і графскі тытул перайшоў да малодшай галіны. Маёнткі Х. знаходзіліся на Падляшшы (Заблудаў, Супрасль, Дайліды), у паветах Гарадзенскім (Бераставіца, Рось), Новагародскім (Мыш), Аршанскім (Шклоў, Быхаў); валодалі часткай Глускага маёнтка, Чарнобылем і інш. Збіралі б-кі, архівы. Найб. вядомыя: Іван (Івашка; каля 1430—84), сын Ходкі, намеснік лідскі, маршалак гаспадарскі ў 1470—79, намеснік віцебскі з 1476, староста луцкі з 1478, ваявода кіеўскі з 1481. У 1482 пры захопе Кіева крымскімі татарамі ўзяты ў палон, памёр у Крыме. Аляксандр Іванавіч (каля 1457—28.5.1549), сын Івана, маршалак гаспадарскі ў 1506—09 і 1511—47, ваявода новагародскі з 1544; намеснік пунскі, староста берасцейскі, кнышынскі, дзяржаўца астрынскі. Рыгор Аляксандравіч (?—12.11.1572 або 19.11.1573), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік старэйшай галіны роду. Падкаморы ВКЛ у 1544—59, ваявода віцебскі ў 1554—55 і кіеўскі ў 1555—59, кашталян трокскі ў 1559—64 і віленскі з 1564, адначасова гетман польны ў 1561—66 і гетман вялікі з 1566; староста ковенскі, магілёўскі, гарадзенскі, тыкоцінскі. Як палкаводзец вызначыўся ў Інфлянцкай вайне 1558—82 і Ульскай бітве 1564, дзе камандаваў конніцай. Праціўнік Люблінскай уніі 1569, у знак пратэсту супраць яе заключэння адмовіўся ад дзярж. дзейнасці. Прыхільнік праваслаўя. Прыняў у Заблудаве друкароў І.​Фёдарава і П.​Мсціслаўца, якія там выдалі «Евангелле вучыцельнае» і «Псалтыр з Часаслоўцам» (гл. Заблудаўская друкарня). Геранім Аляксандравіч (?—1561), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік сярэдняй галіны роду. Падчашы ВКЛ у 1542—44, кашталян трокскі ў 1544—59, адначасова генеральны староста жамойцкі з 1545 і кашталян віленскі з 1559; староста ашмянскі, цяльшэўскі, платэльскі. Умацаваў становішча Х. у вышэйшых дзярж. колах ВКЛ. Юрый Аляксандравіч (?—6.6.1569), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік малодшай галіны роду. Дзяржаўца ашмянскі з 1554, стольнік ВКЛ у 1554—55, крайчы ВКЛ у 1555—66, кашталян трокскі з 1566. Ян Геранімавіч (каля 1537—4.8.1579), сын Гераніма Аляксандравіча. Стольнік ВКЛ у 1559—64, генеральны староста жамойцкі з 1564, адначасова маршалак вялікі ВКЛ з 1566 і кашталян віленскі з 1574; адміністратар Інфлянтаў у 1566—78, староста ковенскі, цяльшэўскі, платэльскі. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82, Ульскай бітвы 1564 і інш. баёў. Праціўнік Люблінскай уніі 1569, выступаў супраць кандыдатуры Івана Грознага на польскі і літ. трон, прыхільнік Генрыка Валезы і Габсбургаў (ад імператара Фердынанда I у 1568 атрымаў графскі тытул). Геранім Юр’евіч (каля 1560—1617), сын Юрыя Аляксандравіча. Канюшы ВКЛ у 1588—93, ваявода мсціслаўскі ў 1593—95, кашталян віленскі і староста берасцейскі з 1595. Удзельнічаў у войнах з Расіяй і Швецыяй. У час рокашу М.​Забжыдоўскага 1606—09 забяспечыў каралю Жыгімонту III падтрымку ў ВКЛ. Ян Кароль (1560—24.9.1621), сын Яна Геранімавіча. Вучыўся ў Віленскай і Інгальштацкай (Германія) акадэміях. Падчашы ВКЛ у 1596—99, генеральны староста жамойцкі ў 1599—1616, адначасова гетман польны ў 1601—05, адміністратар Інфлянтаў з 1603, гетман вялікі з 1605, ваявода віленскі, любашанскі. У 1569 удзельнічаў у барацьбе супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 вызначыўся ў бітвах пад Кокенгаўзенам (1601), Дорпатам (1603), Белым Каменем (1604) і асабліва ў Кірхгольмскай бітве 1605, дзе перамагаў з меншымі сіламі. Напачатку быў праціўнікам вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, пасля камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, прывозіў у 1611—12 харчаванне і боепрыпасы для польска-бел. гарнізона ў Крамлі. У жн.—вер. 1612 штурмаваў Маскву, але прабіцца ў Крэмль на дапамогу гарнізону не здолеў. У 1613—15 абараняў Смаленскае ваяв. ад рас. ваявод. У 1617—18 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам здабываць маскоўскі трон. Разам з укр. казацкім войскам гетмана П.​Канашэвіча-Сагайдачнага заняў с. Тушына, аднак агульны штурм Масквы не ўдаўся, пасля чаго было падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. У 1621 узначаліў польскае, бел.-літ. і ўкр. казацкае войска, сабранае супраць туркаў і крымскіх татар. Памёр у час пераможнай Хацінскай бітвы 1621. Аляксандр (?—1626), сын Яна Геранімавіча. Ваявода трокскі з 1605. Удзельнічаў у вайне са Швецыяй 1600—29. Валодаў Мышшу і Шкловам, якія пасля яго смерці перайшлі ў род Сяняўскіх. Крыштоф (?—3.10.1652), сын Гераніма. Харунжы вялікі ВКЛ у 1611—23, канюшы ВКЛ у 1623—33, кашталян трокскі ў 1633—42, ваявода віленскі з 1642; староста гарадзенскі, бабруйскі, крэўскі, дзяржаўца беліцкі, вішнеўскі. Ян Казімір (1616—13.3.1660), сын Крыштофа, канюшы ВКЛ у 1633—46, кашталян віленскі з 1946. Аляксандр (4.6.1776—24.1.1838), сын Яна Мікалая, гл. Хадкевіч А.

Літ.:

Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Караль Хадкевіч. Мн., 1998;

Грыцкевіч А. Ян Караль Хадкевіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1;

Podhorodecki L. Dzieje rodu Chodkiewiczów. Warszawa, 1997.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Хадкевічы. Р.​А.​Хадкевіч.
Да арт. Хадкевічы. Я.​К.​Хадкевіч.

т. 16, с. 519

ХАДНЕ́ВІЧ Станіслаў Дзмітрыевіч (10.12.1926, в. Саколіна Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 15.1.1945),

герой Вял. Айч. вайны. З вер. 1943 на Варонежскім, 2-м Укр. франтах. Камсорг батарэі артыл. палка яфрэйтар Х. вызначыўся ў 1945 у баі за Будапешт (Венгрыя), калі ў вырашальны момант атакі закрыў сваім целам варожы кулямёт. Узнагароджаны ордэнам Айч. вайны 2-й ступені.

т. 16, с. 520

ХАДО́СКА Алег Ігаравіч (н. 21.3.1964, Алматы, Казахстан),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987; кл. А.Багатырова). З 1989 артыст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.​Шырмы. Найб. дасягненні ў галіне сімф. і хар. музыкі: 4 сімфоніі (1992, 1996, 1998, 2000); кантаты «Песні Белай Русі» (1987), «Псальмы-калядкі» (1999; абедзве на нар. словы); Літургія Іаана Златавуста (1993); «Усяночнае дбанне» (1997); хар. канцэрт «Памяці А.​Шнітке» (1998); сімф. паэма «Сымон-музыка» (1986); 2 арк. сюіты з балета «Залаты ключык» (1989); стр. квартэты; камерная музыка для стр. і фп. (1994) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Літ.:

Мушынская Т. «Таленавітасць выяўляецца ў чуласці...» // Маладосць. 1999. № 10;

Багатыроў А. «Яго музыка блізкая і зразумелая...» // Роднае слова. 2000. № 5;

Сяўрук А. Беларускае царкоўнаспеўнае мастацтва і творы Алега Хадоскі // Там жа. 2002. № 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 16, с. 520

ХАДЫ́КА Уладзімір Марцінавіч (3.1.1905, в. Цітва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1940),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў агульнаадук. курсы ў Мінску (1923). Настаўнічаў, працаваў сакратаром выканкома сельсавета. З 1929 у Мінску. Быў чл. «Маладняка». У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і высланы з Беларусі. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1926. У першым зб. «Суніцы» (1926) — пафас новага жыцця, юнацкі запал, часта ў рытарычным выяўленні. У зб. «Выбраныя вершы» (1932) і «Радасны будзень» (1935) грамадз. тэматыка, імкнуўся найб. поўна раскрыць светаадчуванне сучасніка, паяднаць рамант. акрыленасць з глыбокім лірызмам. Лепшыя вершы, лірычныя цыклы «На ўзвеях дзён» і «Песні з поўдня» пазначаны арган. адзінствам грамадскіх матываў і інтымных перажыванняў, наватарскай смеласцю паэт. мыслення, унутр. засяроджанасцю, багаццем інтанацый. На бел. мову пераклаў раман М.​Шолахава «Ціхі Дон» (кн. 1, 1936), аповесць К.​Гарбунова «Ледалом» (1932), кнігу выбр. твораў У.​Бахмецьева «Людзі і рэчы» (1934) і інш. На верш Х. «Расцём і дужэем» А.​Туранкоў напісаў песню.

Тв.:

Выбр. вершы. Мн., 1956;

[Вершы] Мн., 1969.

Літ.:

Бярозкін Р. У.​Хадыка // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Шушкевіч С. У.​Хадыка // Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968;

Маракоў Л. У.​Хадыка // Роднае слова. 2002. № 10.

В.​Л.​Бечык.

У.М.Хадыка.

т. 16, с. 520

ХАДЫ́КА Юрый Віктаравіч (н. 23.7.1938, Мінск),

бел. фізік, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Д-р фіз.-матэм. н. (1978), праф. (1984). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1980 заг. лабараторыі). Навук. працы па газавай дынаміцы нераўнаважных цячэнняў, вывучэнні працэсаў уздзеяння магутных патокаў выпрамянення на металы, па вызначэнні аптычных характарыстык двухфазных струмянёў струменяў* рэагуючага і рэлаксуючага газу. Распрацаваў тэорыю разліку характарыстык факелаў і слядоў балістычных ракет на актыўным участку траекторыі ва ўсіх дыяпазонах аптычнага спектра. Прымаў удзел у стварэнні Музея старажытнабеларускай культуры. Адзін са стваральнікаў грамадска-паліт. аб’яднання Беларускі народны фронт «Адраджэньне».

Тв.:

Действие излучения большой мощности на металлы. М., 1970 (у сааўт);

Музей старажытнабеларускай культуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983 (у сааўт.);

Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992 (разам з А.​Ю.​Хадыкам);

A physico-mathematcal model of rocket exhaust plumes (у сааўт.) // International journal of heat and mass transfer. 1997. Vol. 40, №5.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 520

ХАДЫНІ́ЦКІ (Chodynicki) Казімеж (31.3.1890, Варшава — 14.5.1942),

польскі гісторык. Чл.-кар. польск. АН у Кракаве (1927), д-р габілітаваны (1920), праф. надзвычайны (1921), звычайны (1924). Скончыў Кракаўскі ун-т. Выкладаў гісторыю ў Варшаве, у 1915—18 у Маскве (у эвакуацыі), сакратар Польск. навук. т-ва. У 1919—20 працаваў у Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, выкладаў у Вольным Польскім ун-це, Варшаўскім ун-це. З 1920 дацэнт Віленскага ун-та, з 1921 праф., заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі і дапаможных гіст. навук. Заснавальнік і першы рэдактар час. «Атэнэум Віленьске». З 1928 праф., заг. кафедры гісторыі Усх. Еўропы Пазнанскага ун-та. У 1939—40 зняволены ням. фашыстамі як заложнік. Выкладаў на тайных занятках Варшаўскага ун-та і Ун-та зах. зямель. Даследаваў гісторыю ВКЛ, гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і ВКЛ, гістарыяграфію, дыпламатыку і палеаграфію ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 520

«ХАДЫ́НКА»,

назва трагічных падзей на Хадынскім полі (у паўн.-зах. частцы Масквы, у пач. сучаснага Ленінградскага праспекта) 30.5.1896 у час раздачы падарункаў з нагоды каранацыі імператара Мікалая II. З-за халатнасці ўлад адбылася цісканіна, у выніку чаго, паводле афіц. звестак, загінула 1389 чал., знявечана 1300.

т. 16, с. 520

ХА́ЕК (Hayek) Фрыдрых Аўгуст фон (8.5.1899, Вена — 27.3.1992),

аўстрыйскі і англійскі эканаміст, прадстаўнік лонданскай школы ў палітэканоміі. Д-р права (1921) і эканомікі (1923). Скончыў Венскі ун-т (1921). У 1927—31 дырэктар Аўстрыйскага ін-та эканам. даследаванняў. Праф. Лонданскага (1931—50), Чыкагскага (1950—62), Фрайбургскага (1962—69, 1977—92) і Зальцбургскага (1970—77) ун-таў. У працы «Цэны і вытворчасць» (1931) аб’яднаў тэорыі манетарызму і капіталу аўстрыйскай школы. Распрацаваў тэорыю эканам. цыкла, згодна з якой існуе раўнаважная структура ўтварэння капіталу. Паводле Х., у перыяд эканам. ўздыму адбываецца прымусовае ашчаджэнне, якое прыводзіць да перанакаплення капіталу і ў выніку — да эканам. крызісу; перыяд эканам. дэпрэсіі характарызуецца празмерным спажываннем і неадэкватнай эканам. палітыкай. На яго думку, толькі неабмежаваны рыначны механізм здольны выправіць эканам. незбалансаванасць і прывесці эканоміку ў стан раўнавагі. У працы «Чыстая тэорыя капіталу» (1941) прааналізаваў ролю капіталу ў дынамічным эканам. развіцці, прамежкавыя стадыі, якія патрабуюцца для пераўтварэння сыравіны ў гатовы тавар. Аўтар прац па праблемах свабоды і сац. справядлівасці, дзе ў якасці асн. крытэрыя сац. гармоніі разглядаў бесперашкоднае функцыянаванне свабоднай рыначнай гаспадаркі і выступаў за аднаўленне эканам. ладу 18 ст. («Шлях да рабства», 1944; «Права, заканадаўства і свабода», т. 1—3, 1973—79). Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Конкуренция как процедура открытия // Мировая экономика и междунар. отношения. 1989. № 12;

Общество свободных. Лондон, 1990;

Дорога к рабству. М., 1992;

Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма. М., 1992;

Частные деньги. Б.М., б.г.

Н.​Г.​Кісялёва.

Ф.А. фон Хаек.

т. 16, с. 520

ХАЕ́ЦКІ Гілярый, бел. мастак 17 ст., манах-дамініканец. Аўтар абраза «Святая сям’я» (1620—30-я г., створаны на ўзор гравюры франц. мастака Ж.Кало; у 1984—85 рэстаўрыраваны У.​Нікіціным). Абраз зберагаецца ў Беларускім музеі гісторыі і рэлігіі ў г. Гродна. Мастацтвазнавец А.​Камянецкая прыпісвае Х. партрэты магнатаў Весялоўскіх.

Літ.:

Walicki M. Ludowy refleks sztuki Callota // Walicki M. Obrazy bliskie i dalekie. Warszawa, 1963;

Kamieniecka E. Z zagadnień sztuki Grodna polowy XVII wieku // Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie. 1972. T. 16.

В.​В.​Церашчатава.

Г.Хаецкі. Святая сям’я.

т. 16, с. 520

ХАЖО́ВА, Хожава,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Ракаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Маладзечна, 83 км ад Мінска. 657 ж., 252 двары (2002). Свінагадоўчы комплекс, рыбгас «Ізабеліна», каўбасны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Аляксандра-Неўская царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 521