ХАДКЕ́ВІЧЫ,

магнацкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Асобныя прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Грыф з мячом». Вялі радавод ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) Юр’евіча, празванага Ходкам (Ходзькам), які ў 1434 разам з інш. падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. У 2-й пал. 16 ст. Х. перайшлі з праваслаўя ў кальвінізм, потым у каталіцтва. У 1568 сярэдняя галіна роду атрымала графскі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Тытул быў прызнаны ў ВКЛ, Х. тытулаваліся графамі «на Шклове і Мышы». Сярэдняя галіна роду згасла ў 1626, і графскі тытул перайшоў да малодшай галіны. Маёнткі Х. знаходзіліся на Падляшшы (Заблудаў, Супрасль, Дайліды), у паветах Гарадзенскім (Бераставіца, Рось), Новагародскім (Мыш), Аршанскім (Шклоў, Быхаў); валодалі часткай Глускага маёнтка, Чарнобылем і інш. Збіралі б-кі, архівы. Найб. вядомыя: Іван (Івашка; каля 1430—84), сын Ходкі, намеснік лідскі, маршалак гаспадарскі ў 1470—79, намеснік віцебскі з 1476, староста луцкі з 1478, ваявода кіеўскі з 1481. У 1482 пры захопе Кіева крымскімі татарамі ўзяты ў палон, памёр у Крыме. Аляксандр Іванавіч (каля 1457—28.5.1549), сын Івана, маршалак гаспадарскі ў 1506—09 і 1511—47, ваявода новагародскі з 1544; намеснік пунскі, староста берасцейскі, кнышынскі, дзяржаўца астрынскі. Рыгор Аляксандравіч (?—12.11.1572 або 19.11.1573), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік старэйшай галіны роду. Падкаморы ВКЛ у 1544—59, ваявода віцебскі ў 1554—55 і кіеўскі ў 1555—59, кашталян трокскі ў 1559—64 і віленскі з 1564, адначасова гетман польны ў 1561—66 і гетман вялікі з 1566; староста ковенскі, магілёўскі, гарадзенскі, тыкоцінскі. Як палкаводзец вызначыўся ў Інфлянцкай вайне 1558—82 і Ульскай бітве 1564, дзе камандаваў конніцай. Праціўнік Люблінскай уніі 1569, у знак пратэсту супраць яе заключэння адмовіўся ад дзярж. дзейнасці. Прыхільнік праваслаўя. Прыняў у Заблудаве друкароў І.​Фёдарава і П.​Мсціслаўца, якія там выдалі «Евангелле вучыцельнае» і «Псалтыр з Часаслоўцам» (гл. Заблудаўская друкарня). Геранім Аляксандравіч (?—1561), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік сярэдняй галіны роду. Падчашы ВКЛ у 1542—44, кашталян трокскі ў 1544—59, адначасова генеральны староста жамойцкі з 1545 і кашталян віленскі з 1559; староста ашмянскі, цяльшэўскі, платэльскі. Умацаваў становішча Х. у вышэйшых дзярж. колах ВКЛ. Юрый Аляксандравіч (?—6.6.1569), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік малодшай галіны роду. Дзяржаўца ашмянскі з 1554, стольнік ВКЛ у 1554—55, крайчы ВКЛ у 1555—66, кашталян трокскі з 1566. Ян Геранімавіч (каля 1537—4.8.1579), сын Гераніма Аляксандравіча. Стольнік ВКЛ у 1559—64, генеральны староста жамойцкі з 1564, адначасова маршалак вялікі ВКЛ з 1566 і кашталян віленскі з 1574; адміністратар Інфлянтаў у 1566—78, староста ковенскі, цяльшэўскі, платэльскі. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82, Ульскай бітвы 1564 і інш. баёў. Праціўнік Люблінскай уніі 1569, выступаў супраць кандыдатуры Івана Грознага на польскі і літ. трон, прыхільнік Генрыка Валезы і Габсбургаў (ад імператара Фердынанда I у 1568 атрымаў графскі тытул). Геранім Юр’евіч (каля 1560—1617), сын Юрыя Аляксандравіча. Канюшы ВКЛ у 1588—93, ваявода мсціслаўскі ў 1593—95, кашталян віленскі і староста берасцейскі з 1595. Удзельнічаў у войнах з Расіяй і Швецыяй. У час рокашу М.​Забжыдоўскага 1606—09 забяспечыў каралю Жыгімонту III падтрымку ў ВКЛ. Ян Кароль (1560—24.9.1621), сын Яна Геранімавіча. Вучыўся ў Віленскай і Інгальштацкай (Германія) акадэміях. Падчашы ВКЛ у 1596—99, генеральны староста жамойцкі ў 1599—1616, адначасова гетман польны ў 1601—05, адміністратар Інфлянтаў з 1603, гетман вялікі з 1605, ваявода віленскі, любашанскі. У 1569 удзельнічаў у барацьбе супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 вызначыўся ў бітвах пад Кокенгаўзенам (1601), Дорпатам (1603), Белым Каменем (1604) і асабліва ў Кірхгольмскай бітве 1605, дзе перамагаў з меншымі сіламі. Напачатку быў праціўнікам вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, пасля камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, прывозіў у 1611—12 харчаванне і боепрыпасы для польска-бел. гарнізона ў Крамлі. У жн.—вер. 1612 штурмаваў Маскву, але прабіцца ў Крэмль на дапамогу гарнізону не здолеў. У 1613—15 абараняў Смаленскае ваяв. ад рас. ваявод. У 1617—18 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам здабываць маскоўскі трон. Разам з укр. казацкім войскам гетмана П.​Канашэвіча-Сагайдачнага заняў с. Тушына, аднак агульны штурм Масквы не ўдаўся, пасля чаго было падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. У 1621 узначаліў польскае, бел.-літ. і ўкр. казацкае войска, сабранае супраць туркаў і крымскіх татар. Памёр у час пераможнай Хацінскай бітвы 1621. Аляксандр (?—1626), сын Яна Геранімавіча. Ваявода трокскі з 1605. Удзельнічаў у вайне са Швецыяй 1600—29. Валодаў Мышшу і Шкловам, якія пасля яго смерці перайшлі ў род Сяняўскіх. Крыштоф (?—3.10.1652), сын Гераніма. Харунжы вялікі ВКЛ у 1611—23, канюшы ВКЛ у 1623—33, кашталян трокскі ў 1633—42, ваявода віленскі з 1642; староста гарадзенскі, бабруйскі, крэўскі, дзяржаўца беліцкі, вішнеўскі. Ян Казімір (1616—13.3.1660), сын Крыштофа, канюшы ВКЛ у 1633—46, кашталян віленскі з 1946. Аляксандр (4.6.1776—24.1.1838), сын Яна Мікалая, гл. Хадкевіч А.

Літ.:

Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Караль Хадкевіч. Мн., 1998;

Грыцкевіч А. Ян Караль Хадкевіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1;

Podhorodecki L. Dzieje rodu Chodkiewiczów. Warszawa, 1997.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Хадкевічы. Р.​А.​Хадкевіч.
Да арт. Хадкевічы. Я.​К.​Хадкевіч.

т. 16, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)