ХАДЫ́КА Уладзімір Марцінавіч (3.1.1905, в. Цітва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1940),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў агульнаадук. курсы ў Мінску (1923). Настаўнічаў, працаваў сакратаром выканкома сельсавета. З 1929 у Мінску. Быў чл. «Маладняка». У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і высланы з Беларусі. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1926. У першым зб. «Суніцы» (1926) — пафас новага жыцця, юнацкі запал, часта ў рытарычным выяўленні. У зб. «Выбраныя вершы» (1932) і «Радасны будзень» (1935) грамадз. тэматыка, імкнуўся найб. поўна раскрыць светаадчуванне сучасніка, паяднаць рамант. акрыленасць з глыбокім лірызмам. Лепшыя вершы, лірычныя цыклы «На ўзвеях дзён» і «Песні з поўдня» пазначаны арган. адзінствам грамадскіх матываў і інтымных перажыванняў, наватарскай смеласцю паэт. мыслення, унутр. засяроджанасцю, багаццем інтанацый. На бел. мову пераклаў раман М.​Шолахава «Ціхі Дон» (кн. 1, 1936), аповесць К.​Гарбунова «Ледалом» (1932), кнігу выбр. твораў У.​Бахмецьева «Людзі і рэчы» (1934) і інш. На верш Х. «Расцём і дужэем» А.​Туранкоў напісаў песню.

Тв.:

Выбр. вершы. Мн., 1956;

[Вершы] Мн., 1969.

Літ.:

Бярозкін Р. У.​Хадыка // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Шушкевіч С. У.​Хадыка // Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968;

Маракоў Л. У.​Хадыка // Роднае слова. 2002. № 10.

В.​Л.​Бечык.

У.М.Хадыка.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)