ХА́ЕК (Hayek) Фрыдрых Аўгуст фон (8.5.1899, Вена — 27.3.1992),

аўстрыйскі і англійскі эканаміст, прадстаўнік лонданскай школы ў палітэканоміі. Д-р права (1921) і эканомікі (1923). Скончыў Венскі ун-т (1921). У 1927—31 дырэктар Аўстрыйскага ін-та эканам. даследаванняў. Праф. Лонданскага (1931—50), Чыкагскага (1950—62), Фрайбургскага (1962—69, 1977—92) і Зальцбургскага (1970—77) ун-таў. У працы «Цэны і вытворчасць» (1931) аб’яднаў тэорыі манетарызму і капіталу аўстрыйскай школы. Распрацаваў тэорыю эканам. цыкла, згодна з якой існуе раўнаважная структура ўтварэння капіталу. Паводле Х., у перыяд эканам. ўздыму адбываецца прымусовае ашчаджэнне, якое прыводзіць да перанакаплення капіталу і ў выніку — да эканам. крызісу; перыяд эканам. дэпрэсіі характарызуецца празмерным спажываннем і неадэкватнай эканам. палітыкай. На яго думку, толькі неабмежаваны рыначны механізм здольны выправіць эканам. незбалансаванасць і прывесці эканоміку ў стан раўнавагі. У працы «Чыстая тэорыя капіталу» (1941) прааналізаваў ролю капіталу ў дынамічным эканам. развіцці, прамежкавыя стадыі, якія патрабуюцца для пераўтварэння сыравіны ў гатовы тавар. Аўтар прац па праблемах свабоды і сац. справядлівасці, дзе ў якасці асн. крытэрыя сац. гармоніі разглядаў бесперашкоднае функцыянаванне свабоднай рыначнай гаспадаркі і выступаў за аднаўленне эканам. ладу 18 ст. («Шлях да рабства», 1944; «Права, заканадаўства і свабода», т. 1—3, 1973—79). Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Конкуренция как процедура открытия // Мировая экономика и междунар. отношения. 1989. № 12;

Общество свободных. Лондон, 1990;

Дорога к рабству. М., 1992;

Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма. М., 1992;

Частные деньги. Б.М., б.г.

Н.​Г.​Кісялёва.

Ф.А. фон Хаек.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)