Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БУЛЕ́ВІЧЫ,

старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.​Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 330

БУЛЕ́З ((Boulez) П’ер) (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),

французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.​Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-Бі-Сі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).

Літ.:

Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.

т. 3, с. 331

БУ́ЛЕЎ МОХ, Булеўскае балота,

у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Случ і воз. Чырвонае. Нізіннага (93%) і мяшанага (7%) тыпаў. Балота перасякаюць Даманавіцкі і Беладаманавіцкі каналы. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 18,5 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 1,7 м. Першапачатковыя запасы торфу 52,8 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 5 м, агульныя запасы 13 млн. м³. Асушаная частка выкарыстоўваецца пад ворыва, сенажаць, здабываецца торф. На астатняй тэр. рэдкія лясы з бярозы, хвоі, ёсць багун, асокі, хвошч, трыснёг; мохавае покрыва са сфагнавых і гіпнавых імхоў.

т. 3, с. 331

БУЛЁН (франц. bouillon),

чысты, нічым не запраўлены мясны адвар. У беларусаў булён (крышаны) — традыц. рэдкая страва, якую вараць з крышанай бульбы і морквы, заскварваюць салам з цыбуляй, кавалачкамі сялянскай каўбасы, летам прыпраўляюць пер’ем цыбулі, кропам. Часам булён не заскварваюць, а забельваюць.

т. 3, с. 331

БУЛІ́НСКІ (Андрэй Аляксандравіч) (11.1.1910, г. Варонеж, Расія — 25.1.1984),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Сярэднеазіяцкі політэхн. ін-т (1931, Ташкент). У 1935—38 і з 1950 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Высокім прафесіяналізмам і выразнай аўтарскай канцэпцыяй адметныя фільмы: маст. «Дзеці партызана» (1954, першы каляровы на Беларусі), «Нашы суседзі» (1957), «Першыя выпрабаванні» (1960—61), «Масква—Генуя» (1964, Дзярж. прэмія Беларусі 1967) і інш., тэлевізійныя «Замяшанне» (1970, і рэж.), «Доўгія вёрсты вайны» (1975, 1-я і 3-я серыі). Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 3, с. 331

БУЛО́НЬ, Булонь-сюр-Мер (Boulogne-sur-Mer),

горад на Пн Францыі. Засн. стараж. рымлянамі. 96 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Порт у прал. Па-дэ-Кале. Пасажырскія зносіны з Дуўрам і Фолкстанам (Вялікабрытанія). Буйны рыбалавецкі і рыбапрамысл. цэнтр. Суднабудаванне, металаапр., металург., цэм., хім., ільноапрацоўчая, тэкст. прам-сць. Музей. Турызм. Арх. помнікі 12—18 ст.

т. 3, с. 331

БУЛЫ́ГА (Уладзімір Антонавіч) (н. 7.9.1936, в. Канюцічы Мінскага р-на),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Выкладчык БПА (з 1967). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Сярод работ: кампазіцыі «Арсеналец» (1967), «Юнацтва» (1970); партрэты М.​Багдановіча, хірурга В.​А.​Мохарта; помнікі С.​І.​Вавілаву ў Мінску і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (в. Брадзяцін Маларыцкага р-на, абодва 1978), мемарыяльныя дошкі М.​Лынькову, М.​В.​Дарашэвічу ў Мінску, І.​І.​Якубоўскаму ў Оршы і інш.

У.Булыга. Юнацтва. 1970.

т. 3, с. 331

БУЛЫ́ГІН (Іван Андрэевіч) (9.2.1907, в. Радушкава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.4.1984),

бел. фізіёлаг. Акад. АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956). Д-р біял. н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1931). З 1938 у н.-д. ін-тах Расіі, з 1953 дырэктар Ін-та фізіялогіі, адначасова ў 1969—79 акад.-сакратар Аддз. біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па механізмах і заканамернасцях інтэрацэптыўных рэакцый арганізма, прынцыпах структурна-функцыян. арганізацыі, узаемасувязях дывергенцыі і канвергенцыі ў дзейнасці перыферычнай і цэнтр. нервовай сістэмы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Нервные регуляторы вегетативных процессов. Мн., 1978;

Новые принципы структурно-функциональной организации симпатических ганглиев. Мн., 1979;

Взаимосвязь явлений дивергенции и конвергенции как общий принцип деятельности нервной системы. Мн., 1981;

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з В.​М.​Рэпрынцавай).

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР И.​А.​Булыгина. Мн., 1977.

І.А.Булыгін.

т. 3, с. 331

БУЛЫ́ГІН (Сяргей Іванавіч) (н. 10.7.1963, с. Салаўёўка Новасібірскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1984). Алімпійскі чэмпіён (1984) у эстафеце, чэмпіён свету ў эстафеце (1983, 1985, 1986) і каманднай гонцы (1989), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1989 у эстафеце. 7-разовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён СССР, прызёр этапаў Кубка свету.

т. 3, с. 331

«БУЛЫ́ГІНСКАЯ ДУ́МА»,

увайшоўшая ў гісторыю назва праекта прадстаўнічага законадарадчага органа ў Расіі. Праект закону аб Думе і палажэнне пра выбары ў яе распрацаваны ў ліп. 1905 камісіяй пад кіраўніцтвам міністра ўнутр. спраў А.​Г.​Булыгіна (адсюль назва). «Булыгінская дума» павінна была склікацца не пазней сярэдзіны студз. 1906. Паводле праекта, «Булыгінская дума» мела права абмяркоўваць законапраекты, бюджэт і інш.; большасць насельніцтва не мела выбарчага права (рабочыя, жанчыны, ваеннаслужачыя, вучні і інш.). «Булагінская дума» не была склікана. У выніку Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 цар вымушаны быў выдаць Маніфест 17 кастрычніка 1905 з абяцаннем заканадаўчай Дзярж. думы.

т. 3, с. 331