БУМА́ГІН Іосіф Раманавіч
(17.10.1907, г. Віцебск — 24.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Працаваў у г. Бірабіджан (Расія). У Чырв. Арміі ў 1929—33 і з 1941. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1945. Камандзір кулямётнага ўзвода лейт. Б. вызначыўся ў баі за г. Брэслаў (Вроцлаў, Польшча): адзін агнявы пункт ворага закідаў гранатамі, другі закрыў сваім целам.
т. 3, с. 336
БУМАЖКО́Ў Ціхан Піменавіч
(2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач. Вял. Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.
т. 3, с. 336
БУМЕДЗЬЕ́Н Хуары
(23.8.1927, г. Гельма, Алжыр — 27.12.1978),
палітычны, дзярж. і ваен. дзеяч Алжыра. Скончыў ун-т аль-Азхар (Каір, Егіпет). З 1955 удзельнік узброенай барацьбы алж. народа супраць франц. каланізатараў. У 1960—62 член Нац. савета алж. рэвалюцыі і нач. генштаба Арміі нац. вызвалення. З 1962 міністр нац. абароны Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. У 1963—65 віцэ-прэм’ер урада, з 1965 пасля ваен. перавароту кіраўнік дзяржавы (старшыня Рэв. савета, з 1976 прэзідэнт) і ўрада.
т. 3, с. 337
БУМЕРА́НГ
(англ. boomerang ад аўстрал.),
сагнутая драўляная кідальная паліца, найчасцей падобная на серп (некаторыя віды, апісаўшы крывую, вяртаюцца да кідальніка). Быў пашыраны як баявая і паляўнічая зброя ў абарыгенаў Аўстраліі, у Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі і Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы.
т. 3, с. 337