БУ́РА,
шторм, вельмі моцны працяглы вецер, які выклікае вял. хвалі на моры і разбурэнні на сушы. Узнікае пры інтэнсіўных цыклонах (асабліва трапічных), смерчах, навальніцах. Сіла ветру каля зямной паверхні 9—12 балаў па Бофарта шкале, скорасць 20—50 м/с, асобныя парывы да 100 м/с (гл. таксама Ураган, Шквал). На адкрытых месцах у Беларусі здараецца прыкладна раз у год, найчасцей вясной або восенню пры моцным зах. і паўд.-зах. ветры (да 30—35 м/с).
т. 3, с. 340
«БУ́РА»
(«Burza»),
кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс. чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс. чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.
Літ.:
Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;
Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 340
БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,
збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.
т. 3, с. 341
БУРАВА́Я СВІДРАВІ́НА,
цыліндрычная горная вырабатка, створаная з дапамогай буравых інструментаў. Пачатак буравой свідравіны наз. вусцем, канец — забоем, бакавую паверхню — сценкай. Бываюць геолагаразведачныя (пошукавыя, структурныя, апорныя і інш.), эксплуатацыйныя (для здабычы нафты, газу, вады, расолаў), дапаможныя (назіральныя, вентыляцыйныя і інш.) і спецыяльныя (для размяшчэння зарадаў выбуховых рэчываў, замарожвальныя, дрэнажныя і інш.). Бураць буравыя свідравіны з паверхні сушы ці мора, з падземных горных вырабатак у розных напрамках: вертыкальным (уверх або ўніз), гаразынтальным або нахільным з пастаянным або пераменным вуглом нахілу. Для стварэння буравой свідравіны выкарыстоўваюцца розныя тыпы буравых установак.
т. 3, с. 341
БУРАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс абсталявання для бурэння свідравін. Асн. часткі: буравая вышка, сілавы прывод, вярчальнік (ротар), лябёдка, помпы, прыстасаванні для падрыхтоўкі і ачысткі прамывачных вадкасцей, пускарэгулявальная і кантрольна-вымяральная апаратура. У горнай справе буравыя ўстаноўкі наз. буравымі станкамі.
Бываюць: вярчальныя (найб. пашыраныя), ударныя, вібрацыйныя і інш.; электрычныя, дызельныя і гідраўлічныя; стацыянарныя (бурэнне нафтавых, газавых і глыбокіх геолагаразведачных свідравін), перасоўныя (у т. л. плывучыя для бурэння на вадзе, геолагаразведачныя і для буд. работ і інш.), самаходныя (гусенічныя або колавыя; бурэнне ўзрыўных свідравін) і пераносныя (пошукавае бурэнне ў цяжкадаступных раёнах).
т. 3, с. 341
«БУРАВЕ́СНІК»
(«Sturmvogel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.
т. 3, с. 341
БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ,
трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares), атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд. ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.
Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.
т. 3, с. 341
БУРАВЫ́ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для бурэння шпураў, свідравін і ліквідацыі аварый у глыбокіх свідравінах. Бывае тэхнал. (напр., буравыя долаты, каронкі, штангі, разцы), дапаможны (ключы, элеватары, клінавыя захваты), аварыйны (метчыкі, трубалоўкі, трубарэзкі), спец. (адхіляльнікі, стабілізатары).
Буравое долата выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным бурэнні свідравін. Асн. часткі: корпус і рабочая частка, па якой адрозніваюць шарошкавыя (з зубцамі), алмазныя і лопасцевыя долаты. Мае канал, па якім падаюць у забой паветра або прамывачную вадкасць. Каронка — асн. пародаразбуральны элемент буравога інструменту. Разбурэнне выконваецца лёзамі, арміраванымі цвёрдым сплавам, або штырамі са сферычнымі рабочымі паверхнямі. Каронка, вырабленая як адно цэлае з хваставіком для злучэння з буравой машынай, наз. бурам. Элеватар — каваны або літы стальны хамут для падхоплівання трубаў і штангаў пры іх апусканні ў час рамонту нафтавай свідравіны.
т. 3, с. 341
БУРАЗУ́БКІ
(Sorex),
род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).
Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.
т. 3, с. 342