Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУ́БЕН,

бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.

І.Дз.Назіна.

т. 3, с. 303

БУ́БКА Сяргей Назаравіч

(н. 4.12.1963, г. Луганск, Украіна),

украінскі спартсмен-лёгкаатлет (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту СССР (1983), засл. майстар спорту Украіны (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1988, адзіны ў свеце лёгкаатлет-пераможца 5 чэмпіянатаў свету (1983, 1985, 1987, 1993, 1995). Шматразовы чэмпіён Украіны і Еўропы. 19 разоў паляпшаў уласныя сусв. рэкорды, давёўшы іх да 6,14 м на стадыёнах (1994) і 6,15 м (1993) у залах.

т. 3, с. 303

БУ́БНАЎ Аляксандр Паўлавіч

(4.3.1908, Тбілісі — 30.6.1964),

рускі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1954). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў Маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30). Для яго жанравых і гіст. кампазіцый характэрныя шырокая жывапісная манера, мажорнае гучанне колеру («Раніца на Куліковым полі», 1943—47, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Вечар на пашы» і «На полі», 1959—60; «Восень», 1961—62, і інш.). Ілюстраваў творы М.Гогаля, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі.

Літ.:

Акимова И. А.П.Бубнов. М., 1956.

т. 3, с. 303

БУ́БНАЎ Генадзь Фёдаравіч

(н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.Мележа, паасобныя творы Я.Купалы, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, В.Зуёнка, К.Камейшы, Ю.Свіркі, І.Шамякіна і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 304

Бубнаў Юрый Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 355

БУ́БНІС

(Bubnys) Вітаўтас (н. 9.9.1932, в. Чудзішкяй Прэнайскага р-на, Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі пед. ін-т (1957). Друкуецца з 1953. Аўтар кніг апавяданняў «Пахучы аер» (1967), «Белы вецер» (1974), аповесцяў «Рамунас» (1964), «Арберон» (1969) і інш. Раманы «Галодная зямля» (1971), «Пад летнім небам» (1973; за абодва Дзярж. прэмія Літвы 1974), «Красаванне нясеянага жыта» (1976), пра гіст. лёс літоўскага сялянства; «У гадзіну поўні» (1980), «Запрашэнне» (1983), «Даруй грахі нашы» (1989), «Няхай адкрыюцца твае вочы» (1993) пра жыццё інтэлігенцыі, яе маральную і грамадз. адказнасць. На бел. мову асобныя творы Бубніса пераклаў У.Яцко (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).

А.Лапінскене.

т. 3, с. 304

«БУБНО́ВЫ ВАЛЕ́Т»,

выстаўка (1910), а потым (да 1917) аб’яднанне маскоўскіх жывапісцаў, якія адмаўлялі традыцыі акадэмізму, рэалізму 19 ст. і містычнага сімвалізму. Назву «Бубновы валет» (ад стараж. франц. выразу «бубновы валет» — ашуканец, махляр) прыдумаў ініцыятар выстаўкі М.Ларыёнаў. У аб’яднанне ўваходзілі: Д.Бурлюк, Н.Ганчарова, П.Канчалоўскі, А.Купрын, А.Лянтулаў, К.Малевіч, І.Машкоў, Р.Фальк, А.Экстэр і інш., творчасць якіх была адметная пошукамі ў духу зах.-еўрап. постімпрэсіянізму.

Літ.:

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

т. 3, с. 304

БУБНО́ЎСКІ Вацлаў Аляксандравіч

(15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),

бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.Яблонскага і А.Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.

Літ.:

Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.

А.К.Лявонава.

т. 3, с. 304

Бубноў Уладзілен Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 355