Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУ́ЖА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 7 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,18 км², даўж. 3,42 км, найб. шыр. 1,72 км, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 12,2 км. Пл. вадазбору 66 км².

Схілы катлавіны выш. да 12 м, пад лесам і хмызняком, заходнія разараныя. Вакол возера пойма шыр. ад 8 м на Пн да 250 м на ПдЗ, сухая, моцна завалуненая, парослая хмызняком і сухадольнымі травамі. 16 астравоў агульнай пл. 24,9 га. Каля берагоў і астравоў дно пясчанае, часта галечнікавае і камяністае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Злучана ручаямі з азёрамі Саванар і Рака.

т. 3, с. 318

БУЖА́Н Хведар Сілавіч

(1896—?),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1932, Гомель). У 1907—15 рабочы тартака. Працаваў таксама аб’ездчыкам, лесніком, ляснічым у Буда-Кашалёўскім і Парыцкім р-нах, нам. дырэктара Уздзенскага леспрамгаса. У Вял. Айч. вайну ў Новасібірскай вобл. Пасля вайны жыў у Чарнаўцах на Украіне. Першыя допісы апубл. ў 1921 у газ. «Беларуская вёска». Друкаваў вершы, апавяданні. Аповесць «Леснікі» (1932) пра жыццё леснікоў і лесарубаў.

т. 3, с. 318

БУЖА́НЕ,

усходнеславянская племянная групоўка на р. Зах. Буг або Паўд. Буг (адсюль назва). Межы рассялення бужан пісьмовымі крыніцамі не вызначаны. Паводле Баварскага географа (9 ст.), мелі 231 «горад» (умацаванае паселішча). У пач. недатаванай часткі «Аповесці мінулых гадоў» адзначана, што папярэднікі бужан зваліся дулебамі, наступнікі — валынянамі. Гісторыкі лічаць, што ў дадзеным выпадку адбылася змена назвы мясц. насельніцтва.

В.С.Пазднякоў.

т. 3, с. 318

БУЖУМБУ́РА

(Bujumbura),

Усумбура, горад, сталіца Бурундзі. Адм. ц. прэфектуры Бужумбура. Засн. ў 1897. 300 тыс. ж. (1993). Порт на паўн.-зах. беразе воз. Танганьіка. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. і эканам. цэнтр краіны. Цэм., металарамонтная, піваварная, шкларобная, рыса- і бавоўнаачышчальная, швейная, абутковая, цыгарэтная, мылаварная, тэкст. прам-сць. Пачатковая апрацоўка кавы. Лоўля і перапрацоўка рыбы. Сеткавязальная ф-ка. Ун-т. Музей афрыканскай цывілізацыі. Паблізу Бужумбуры 2 ГЭС.

т. 3, с. 318

БУЖЫ́НСКІ Станіслаў Антоні

(27.4.1701—15.5.1775),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).

т. 3, с. 318

БУЖЫ́НСКІ Тадэвуш

(?—1773),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын С.А.Бужынскага. Вучыўся ў Варшаўскім езуіцкім калегіуме. Староста краснасельскі, ротмістр войска ВКЛ, у 1763—69 кашталян смаленскі, у 1764—66 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, у 1766 маршалак Трыбунала ВКЛ, з 1770 ваявода мінскі, у 1769—71 пасол у Галандыі і Англіі. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1765 выдаў падрыхтаваныя бацькам важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай.

т. 3, с. 318