БУ́СЕЛ Яўген Сямёнавіч
(н. 14.2.1936, в. Міхайлаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Шэраг твораў зроблены ў традыцыях лубка. Сярод работ: серыі гравюр «Беларускія народныя прымаўкі» (1975), «Беларускія жартоўныя песні» (1980), графічныя лісты «Вяртанне рыбакоў» (1979), «Вяргіні цвітуць», «Бацькаўшчына», «Толькі сэрцам трывожным пачую» (усе 1981), зб. карыкатур «Лішняя вага» (1975), ілюстрацыі да апавяданняў М.Гарэцкага (1987), серыя лінарытаў па вершах М.Багдановіча (1992) і інш.
т. 3, с. 356
БУ́СЕЛЬНІК,
грабелькі, журавельнік (Erodium), род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (Е. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.
Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін С, карацін, арган. к-ты, смолы.
т. 3, с. 356
БУСЕНА́Р
(Boussenard) Луі Анры (4.10.1847, Эскрэн, дэпартамент Луарэ, Францыя — 11.91910),
французскі пісьменнік. Атрымаў мед. адукацыю ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў часопіса для падлеткаў «Le journal des voyages» («Дзённік падарожжаў»). Аўтар прыгодніцкіх раманаў для дзяцей і юнацтва: «Падарожжа вакол свету аднаго парыжскага хлопчыка» (1878—80), «Тайна доктара Сінтэза» (1888—89), «Палымнеючы востраў» (1898), «Капітан-Сарві-Галава» (1901) і інш. Творчасць Бусенара ў многіх дэталях, сюжэтах (часта разгортваюцца ў абставінах «экзатычных» краін), фантастычных элементах (падрабязнае апісанне складаных машын і навук. адкрыццяў, якія з’яўляюцца на некалькі дзесяцігоддзяў пазней) апярэдзіла развіццё навук.-фантаст. і прыгодніцкага жанраў у 20 ст.
Твю.: Рус. пер. — Полн. собр. романов. Кн. 1—40. СПб., 1911; Собр. романов. Т. 1—10. М., 1991—93; Охотники за каучуком. М., 1992; Похитители бриллиантов. Мн., 1993.
С.В.Логіш.
т. 3, с. 356
БУСІДО́
(яп. шлях воіна),
у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзен і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.
т. 3, с. 357
БУСЛА́ЕЎ
(сапр. Бутэнка) Аляксандр Мікалаевіч (11.4.1894, г. Міргарад, Украіна — 12.8.1976),
артыст цырка, дрэсіроўшчык ільвоў. Нар. арт. Расіі (1963). У 1929 стварыў паветраны атракцыён «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з І.М.Бугрымавай). У 1940—63 працаваў з драпежнікамі. Аўтар успамінаў «Запіскі дрэсіроўшчыка ільвоў» (1965).
т. 3, с. 357
БУСЛА́ЕЎ Фёдар Іванавіч
(н. 25.4.1818, с. Вадзінск Пензенскай вобл., Расія — 12.8.1897),
рускі філолаг і мастацтвазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1881, чл.-кар. 1852). Праф. Маскоўскага ун-та (1847). У мовазнаўчых працах прытрымліваўся параўнальна-гіст. метаду; аўтар прац па методыцы выкладання («Пра выкладанне роднай мовы», ч. 1—2, 1844) і гісторыі рус. мовы («Спроба гістарычнай граматыкі рускай мовы», ч. 1—2, 1858) і інш. Заснавальнік комплекснага вывучэння фалькл. і літ. творчасці, выяўл. мастацтва («Гістарычныя нарысы рускай народнай славеснасці і мастацтва», т. 1—2, 1861). Спачатку быў прыхільнікам міфалагічнай школы, потым далучыўся да т.зв. міграцыйнай тэорыі і даводзіў, што радзімай еўрап. фальклору з’яўляецца Усход («Вандроўныя аповесці», 1874). Высветліў паэт. характар шэрагу жанраў і твораў усх.-слав. фальклору і л-ры, устанавіў іх сувязь з маральнымі ўяўленнямі народа («Аб народнай паэзіі ў старажытнарускай літаратуры», 1859). У працах выкарыстоўваў прыклады з бел. прыказак і прымавак. Выдаваў стараж. рукапісы («Гістарычная хрэстаматыя царкоўнаславянскай і старажытнарускай моў», 1861) і каменціраваў тэксты стараж.-бел. Помнікаў.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 47—55.
т. 3, с. 357
БУ́СЛАЎ Казімір Паўлавіч
(25.10.1914, в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 20.1.1983),
бел. філосаф. Акад. АН Беларусі (1972), д-р філас. н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1938). З 1956 дырэктар Ін-та філасофіі і права, у 1972—76 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Даследаваў праблемы культуры, сац. прагрэсу, гуманізму, свабоды і адказнасці асобы. Аўтар прац «Свабода павінна быць свабодай на справе» (1961), «Прызначэнне чалавека і сэнс яго жыцця» (1967), «Сацыяльнае адзінства, супярэчнасці, адказнасць» (1972), «Фарміраванне сацыяльнага ў чалавеку» (1980) і інш.
т. 3, с. 357
БУСЛЫ́
(Ciconiidae),
сямейства птушак атр. буслападобных, або галянастых. 11 родаў, 18 відаў, пераважна ў тропіках. У Палеарктыцы 3 віды, з іх 2 на Беларусі: бусел белы (Ciconia ciconia) і бусел чорны (Ciconia nigra), які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Бусел чорны часцей трапляецца на Палессі, радзей — на поўначы і вельмі рэдка ў зах. і ўсх. раёнах Беларусі. На пач. 1989 колькасць папуляцыі бусла чорнага ў рэспубліцы дасягнула 1007.
Даўж. 76—152 см. Дзюба доўгая, прамая або злёгку загнутая ўгару ці ўніз. Крылы доўгія і шырокія, некат. буслы могуць доўга лунаць. Большасць відаў не маюць голасу (адсутнічаюць галасавыя мускулы ніжняй гартані) і выдаюць гукі, калі шчоўкаюць дзюбай (рэзанатар — гарлавы мяшок). Гнёзды на дрэвах, скалах, будынках. Пасля гнездавання часта збіраюцца ў чароды. Кормяцца на вільготных лугах, балотах беспазваночнымі, жабамі, трытонамі, яшчаркамі, мышападобнымі грызунамі. Некат. буслы (марабу) кормяцца адкідамі. Бусел далёкаўсходні занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
т. 3, с. 357