БУАГІЛЬБЕ́Р , Буагійбер (Boisguillebert) П’ер (17.2.1646 — 10.10.1714), французскі эканаміст, пачынальнік класічнай школы ў палітэканоміі ў Францыі, адзін з заснавальнікаў тэорыі прац. вартасці. Адрозніваў рыначную цану ад «існай вартасці», мерай якой лічыў рабочы час. У грошах бачыў асн. зло і прычыну нар. бедстваў, меркаваў, што для ліквідацыі ўлады грошай неабходна звесці іх ролю да простага сродку абарачэння. Выступаў супраць феад. прыгнёту і меркантылізму, быў папярэднікам фізіякратаў.
т. 3, с. 303
БУАКЕ́,
Бваке (Bouake, Bwake), горад у цэнтр. ч. Кот-д’Івуар. Адм. ц. дэпартамента Буаке. 329,8 тыс. ж. (1988). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр с.-г. раёна (бавоўна, кава, какава, бананы, ананасы, рыс, ямс і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, харчасмакавыя, бавоўна- і рысаачышчальныя прадпрыемствы; вытв-сць будматэрыялаў. Ун-т.
т. 3, с. 303
БУАЛО́,
Буало-Дэпрэо (Boileau-Despréaux) Нікала (1.11.1636, Парыж — 13.3.1711), французскі паэт. Тэарэтык класіцызму. На пачатку літ. дзейнасці блізкі да колаў вальнадумнай багемы і бурлескнага кірунку ў паэзіі барока. У «Сатырах» (1—9-я, 1600—67; 10—12-я, 1693—1705) крытыкаваў дзейнасць улад і царквы, адстойваў гуманістычны прынцып ацэнкі чалавека. У 1660-я г. зблізіўся з Мальерам, Ж.Расінам, Ж.Лафантэнам. З 1668 прыбліжаны да арыстакратычных колаў і каралеўскага двара. Матывы вальнадумства зніклі, але Буало назаўсёды захаваў антыпатыю да рэліг. фанатызму. У «Пасланнях» (1669—77) імкнуўся стварыць вобраз бездакорнага свецкага чалавека, распрацоўваў гарацыянскія матывы асалоды ад сузірання прыроды. Аўтар іроікамічнай паэмы «Налой» (1674—83). Асн. твор — вершаваны трактат «Паэтычнае мастацтва» (1674), у якім падвёў вынікі дзейнасці класіцызму 17 ст., выклаў яго эстэт. прынцыпы, даў бліскучы ўзор класіцыстычнага стылю. У адпаведнасці з філасофіяй Дэкарта сцвярджаў ідэал мастацтва, для якога на першым месцы — розум і сэнс. Трактат моцна паўплываў на класіцызм 18 ст. ў Францыі і ў іншых краінах.
Тв.:
Рус. пер. — Поэтическое искусство. М., 1957;
[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Обломиевскнй Д.Д. Французский классицизм: Очерки. М., 1968.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 303
БУАЛЬДЗЬЁ
(Boieldieu) Франсуа Адрыен (16.12.1775, г. Руан, Францыя — 8.10.1834),
французскі кампазітар, прадстаўнік франц. камічнай оперы 1-й трэці 19 ст. Чл. Ін-та Францыі (1817). Працаваў царк. арганістам у Руане, з 1798 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі (з 1820 праф.). Напісаў каля 40 опер (некаторыя разам з інш. аўтарамі), у т. л. «Швейцарская сям’я», «Шчаслівая вестка», «Заклад» (усе 1797), «Каліф Багдадскі» (1800), «Аліна, каралева Галкондская» (1804), «Тэлемак» (1806), «Жан Парыжскі» (1812), «Чырвоная шапачка» (1818). Опера «Белая дама» (1825) — пачатак рамант. кірунку ў муз.-тэатр. мастацтве Францыі. Сярод інш. твораў: п’есы для фп., рамансы, у т. л. 15 зборнікаў, і інш. Сярод яго вучняў А.Адан, Ж.Фетыс.
т. 3, с. 303
БУАСЬЕ́
(Boissier) П’ер Эдмон (25.5.1810, г. Жэнева, Швейцарыя — 25.9.1885),
швейцарскі батанік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (1878). Вучыўся ў Жэневе. Навук. працы ў галіне сістэматыкі і фларыстыкі. Па матэрыялах, сабраных у падарожжах па Іспаніі, Грэцыі, М. Азіі, Егіпце, Палесціне і Сірыі, апісаў каля 6 тыс. новых відаў кветкавых раслін і вызначыў 131 новы род. Аўтар «Усходняй флоры» (т. 1—5, 1867—88), у якой прыведзены апісанні і даныя пра геагр. пашырэнне каля 12 тыс. відаў раслін. Паблізу Жэневы для захавання сабранага ім гербарыя і далейшых работ з ім была створана ўстанова — «Гербарый Буасье».
т. 3, с. 303