БУАЛО́,
Буало-Дэпрэо (Boileau-Despréaux) Нікала (1.11.1636, Парыж — 13.3.1711), французскі паэт. Тэарэтык класіцызму. На пачатку літ. дзейнасці блізкі да колаў вальнадумнай багемы і бурлескнага кірунку ў паэзіі барока. У «Сатырах» (1—9-я, 1600—67; 10—12-я, 1693—1705) крытыкаваў дзейнасць улад і царквы, адстойваў гуманістычны прынцып ацэнкі чалавека. У 1660-я г. зблізіўся з Мальерам, Ж.Расінам, Ж.Лафантэнам. З 1668 прыбліжаны да арыстакратычных колаў і каралеўскага двара. Матывы вальнадумства зніклі, але Буало назаўсёды захаваў антыпатыю да рэліг. фанатызму. У «Пасланнях» (1669—77) імкнуўся стварыць вобраз бездакорнага свецкага чалавека, распрацоўваў гарацыянскія матывы асалоды ад сузірання прыроды. Аўтар іроікамічнай паэмы «Налой» (1674—83). Асн. твор — вершаваны трактат «Паэтычнае мастацтва» (1674), у якім падвёў вынікі дзейнасці класіцызму 17 ст., выклаў яго эстэт. прынцыпы, даў бліскучы ўзор класіцыстычнага стылю. У адпаведнасці з філасофіяй Дэкарта сцвярджаў ідэал мастацтва, для якога на першым месцы — розум і сэнс. Трактат моцна паўплываў на класіцызм 18 ст. ў Францыі і ў іншых краінах.
Тв.:
Рус. пер. — Поэтическое искусство. М., 1957;
[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Обломиевскнй Д.Д. Французский классицизм: Очерки. М., 1968.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)