БУЯКІ́,
ганабобель, дурніцы (Vaccinium uliginosum), від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.
Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.
т. 3, с. 369
БУЯ́ЛЬСКІ Ілья Васілевіч
(6.8.1789, с. Вараб’ёўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.12.1866),
расійскі анатам і хірург; заснавальнік вучэння пра індывід. зменлівасць. Акад. Пецярбургскай АМ (1842). Скончыў Мед.-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1814), працаваў у ёй (з 1821 праф.). Выкладаў пластычную анатомію ў Акадэміі мастацтваў. Навук. працы па тапаграфічнай анатоміі органаў, метадах аператыўнага лячэння сасудзістых анеўрызмаў, бальзаміраванні, замарожванні трупаў. Адзін з першых у Расіі выкарыстаў наркоз, пераліванне крыві, антысептычныя сродкі. Рацыяналізаваў хірург. інструменты (шпрыц, турнікет, шпатэль).
Тв.:
Анатомо-хирургические таблицы... [Ч. 1—3]. СПб., 1828—52;
Краткая общая анатомия тела человеческого. СПб., 1844;
Анатомические записки для обучающихся живописи и скульптуре в Имп. Академии художеств. СПб., 1860.
т. 3, с. 369