БУЯКІ́,

ганабобель, дурніцы (Vaccinium uliginosum), від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.

Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)