БУ́ДА
(санскр, літар. прасветлены),
у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану найвышэйшай дасканаласці («прасвятлення») і здольная паказаць шлях рэліг. выратавання. Будыйскі пантэон налічвае сотні будаў. У вузкім значэнні — імя заснавальніка будызму Сідхартхі Гаутамы (623—544 да н.э.), які, паводле легенды, пакінуў сям’ю і пасля 7 гадоў аскетычных вандраванняў і «пазнання ісціны» стаў прапаведаваць новае вучэнне ў Індыі (гл. ў арт. Будызм).
т. 3, с. 306
БУ́ДА,
прадпрыемства са спецыяльна абсталяванай печчу для смалакурэння, гонкі дзёгцю, выпальвання драўніннага вугалю, вытв-сці попелу паташу. Былі пашыраны ў 15 — сярэдзіне 19 ст., у асн. у лясістых усх. і паўд. частках Беларусі (Падняпроўе і Палессе). Належалі пераважна буйным землеўладальнікам і лесапрамыслоўцам. Асн. катэгорыямі рабочых на будзе былі буднікі; абслуговы персанал — конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі і інш.; адм. апарат — атаман, пісар, казначэй (шафар) і наглядчык (дазорца). На тэр. буды размяшчаліся вытв. ўчастак, склады для сыравіны і гатовай прадукцыі, памяшканні для адміністрацыі і абслуговага персаналу. З сярэдзіны 19 ст. ў сувязі са скарачэннем сыравіннай базы і паніжэннем попыту на прадукцыю буды паступова пачалі знікаць. У 19 ст. лепш абсталяваныя буды часцей называліся смалярнямі ці смалакурнямі.
Н.І.Буракоўская.
т. 3, с. 306
БУДАВЕ́Й Міхаіл Сямёнавіч
(н. 31.1.1949, в. Карацк Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод работ: кампазіцыйныя партрэты Я.Коласа (1981), У.Караткевіча, Н.Гілевіча, Я.Брыля, П.Панчанкі (1982), В.Быкава (1983), І.Шамякіна (1984), С.Палуяна («Ён быў як месяц адзінокі», 1991), І.Лучанка і М.Барысевіча (1985); серыі «Пачынальнікі» (1987), «Патсдам. Парк. Сан-Сусі» (1991), «Сцежкаю да храма» (1992); дыптых «Ад продкаў да Адраджэння» (1992); цыкл «Начныя краявіды» (1994—95). Аформіў кнігі: В.Гігевіча «Астравы на далёкіх азёрах», Н.Гілевіча «Святлынь», А.Куляшова «Крылы», С.Палуяна «Лісты ў будучыню», У.Рубанава «Светлы ручай любві», Я.Брыля «Пробліскі», В.Біянкі «Лясная газета» і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 3, с. 306
БУДАВЕ́СЦЬ,
рака ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 284 км². Пачынаецца за 1,2 км на ПнУ ад в. Лоўжа (у верхнім цячэнні наз. Будавіца), цячэ па ўсх. ускраіне Полацкай нізіны. Асн. прыток — р. Чарніца (справа). Рэчышча ад вытоку на працягу 19 км каналізаванае.
т. 3, с. 306
БУДАВЕ́СЦЬ,
возера ў Беларусі, у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 8 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,41 км²; даўж. 4,14 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору каля 20 км².
Схілы катлавіны выш. да 20 м, на З стромкія, тэрасаваныя, пад хмызняком, на У разараныя. Берагі выш. 0,3—0,4 м, пясчаныя. Дно складанай будовы, на мелкаводдзі пясчанае, глыбей — сапрапелістае. 5 астравоў. Зарастае слаба, паласа расліннасці шыр. 20—40 м. Пратокай злучана з воз. Княжно.
т. 3, с. 306
«БУДАКІ́»,
будакі-паны, група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.
І.В.Карашчанка.
т. 3, с. 307
БУ́ДАЛ
(Budal) Андрэй (31.10.1889, в. Штандраж, каля г. Гарыцыя, Італія — 7.6.1972),
славенскі пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык. Д-р філал. н. (1913). Пісаў на славенскай і італьян. мовах. Аўтар зб-каў апавяд. «Жупан Жагар» (1927), «Бедны Уштын» (1928), «Чыя ты?» (1930), «Між сэрцам і зямлёю» (1932), «З таго боку магілы» (1934), «На кані» (1938), гіст. аповесці «Хрэсны ход Пятра Купленіка» (1924). Перакладаў з раманскіх і славянскіх моў. Адзін з першых у Славеніі перакладчыкаў і даследчыкаў бел. л-ры. У зб. «Прамень» (1933) апублікаваў грунтоўны артыкул «Пра беларусаў і беларускую літаратуру», дзе змясціў і пераклад верша Я.Купалы «А хто там ідзе?». Пераклаў і выдаў асобнай кнігай творы Я.Коласа («Малады дубок і іншыя апавяданні», 1933).
І.А.Чарота.
т. 3, с. 307
БУДА́Н,
курэнь, часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
т. 3, с. 308