Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУЧ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.М.Браім.

т. 3, с. 366

БУЧА́ЦІНА,

вёска ў Беларусі, у Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на Пд ад г. Капыль, 147 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 673 ж., 275 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 3, с. 366

БУ́ЧМА Амвросій Максімілянавіч

(14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр. драм. т-ра імя І.Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр. работы).

т. 3, с. 366

БУЧЫ́НСКІ Вінцэнцій

(17.3.1789, Беларусь — 29.3.1853),

бел. філосаф, тэолаг, крытык. Праф. філасофіі Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1830—-40-я г. выкладаў філасофію і тэалогію ў навуч. установах Аўстрыі, з 1848 у Лувенскім ун-це (Бельгія). Заснавальнік і рэдактар першага на Беларусі літ.-навук. часопіса «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік», 1818—20). Палемізаваў з асветнікамі і езуітамі на старонках час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік») наконт паэмы Н.Мусніцкага «Палтава». Аўтар кн. «Філасофскія разважанні» (т. 1—3, Вена, 1843—44), у якой у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў прыклады з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Шматлікая яго рукапісная спадчына даследавана мала.

т. 3, с. 367