Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУЕ́ВІЧ Іосіф Іванавіч

(15.5.1883, в. Варгуцева Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.1.1964),

рэвалюцыянер. Скончыў пач. школу. З 1905 чл. партыі эсэраў, потым эсэр-максімаліст, з 1919 чл. РКП(б). З 1895 рабочы на прамысл. прадпрыемствах Пецярбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У кастр. 1907 арыштаваны, высланы на радзіму. З 1909 за мяжой (Аргенціна, Францыя, ЗША), удзельнічаў у рабочым руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся на радзіму. Са жн. 1917 у Оршы, чл. гарсавета, старшыня рэўкома, камісар працы. З пач. 1918 старшыня Аршанскага пав. выканкома, дэлегат V Усерас. з’езда Саветаў. За агітацыю супраць Брэсцкага міру 1918 арыштаваны. У час леваэсэраўскага мяцяжу 6.7.1918 вызвалены паўстанцамі, абраны старшынёй Аршанскага часовага ВРК. Пасля задушэння аршанскага выступлення эсэраў зноў арыштаваны (апраўданы Гомельскім губрэўтрыбуналам). Са жн. 1919 на розных пасадах у Оршы, Сянне і інш. З пач. 1930-х г. у Маскве, нам. дырэктара Музея рэвалюцыі, нач. упраўлення Наркамата саўгасаў СССР і інш. У 1948—49 старшыня калгаса ў в. Варгуцева.

Э.А.Карніловіч.

т. 3, с. 317

БУ́ЕР

(галанд. boeier),

1) лёгкая кабіна ці платформа з парусамі на трох каньках (лыжах, пнеўмаколах). Кіраванне робіцца заднім каньком (лыжай, колам) і парусам. Скорасць руху перавышае 100 км/гадз. Выкарыстоўваецца як спарт. прылада (гонкі на буерах па лёдзе), для перавозкі грузаў.

2) Невял. аднамачтавае пласкадоннае паруснае судна для ўстаноўкі буёў і швартоўных бочак (устар.).

т. 3, с. 318

БУ́ЕРНЫ СПОРТ,

спартыўныя гонкі на буерах па лёдзе ці сушы з роўнай паверхняй. Узнік у канцы 18 — пач. 19 ст. ў ЗША. З 1875 дзейнічаюць правілы спаборніцтваў па буерным спорце, вызначаны класы буераў. У 1931 створаны Еўрап. буерны саюз. Першыя спарт. спаборніцтвы ў Расіі праведзены ў 1890 у Пецярбургу, з 1946 праходзілі чэмпіянаты СССР. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Амерыкі, з 1964 — свету. Гонкі на буерах па лёдзе папулярныя ў ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Балтыі, Скандынавіі і інш.

т. 3, с. 318