БУМАЖКО́Ў (Ціхан Піменавіч) (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач.Вял.Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.