БУЛЕ́З

(Boulez) П’ер (н. 26.3.1925, г. Манбрызон, Францыя),

французскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1945), вучыўся ў А.Месіяна, Р.Лейбавіца. Паслядоўнік А.Веберна; адзін з лідэраў муз. авангардызму 1950-х г. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі. У яго музыцы шмат прыкладаў тэхнікі пуантылізму, татальнага серыялізму, элементы санорыкі, алеаторыкі. Сярод найб. вядомых твораў: «Малаток без майстра» для голасу і інстр. ансамбля (1954), «Структуры» для 2 фп. (кн. 1—2, 1952—61). Арганізатар і кіраўнік канцэртаў новай музыкі пад назвай «Domaine musical» (1954—67). З 1960-х г. выступае пераважна як дырыжор (з аркестрамі Бі-БіСі, Нью-Йоркскім філарманічным і інш.). З 1975 узначальвае створаны ім у Парыжы Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем (ІКСАМ).

Літ.:

Рабинович Д.А. Джон Барбиролли и Пьер Булез // Рабинович Д.А. Исполнитель и стиль: Избр. статьи. М., 1981. Вып. 2.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)