Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЦІ́СЛАЎ,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пд ад г. Маларыта, 62 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Хаціслаў. 1027 ж., 362 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Курган Славы на месцы бою 25.6.1941 воінаў 75-й стралк. дывізіі 4-й арміі з ням. фашыстамі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 16, с. 565

ХАЦІ́СЛАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Хаціслаў Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1799. Царква трохзрубная. Асн. зруб, прамавугольны ў плане са зрэзанымі ў зах. ч. вугламі, і вузкі 3-гранны бабінец накрыты агульным 2-схільным дахам з гранёным барочным купалам у цэнтры. Такія ж купалкі ў цэнтры больш нізкага шматсхільнага даху над 5-граннай апсідай і над 3-яруснымі вежамі, якія фланкіруюць гал. фасад. Сярэдняя ч. гал. 3-яруснага фасада завершана 3-вугольным франтонам, пакатыя бакавыя ч. нагадваюць валюты мураваных храмаў позняга барока і ракако. У 1867 да царквы прыбудавана 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная шатровым дахам з дэкар. какошнікамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 16, с. 565

ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Ісакавіч (28.1.1895, в. Навасёлкі Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Працаваў на лесапільных з-дах Барысава і Рэчыцы. З 1915 у арміі, пасля ранення з 1918 на радзіме. Удзельнічаў ва ўстанаўленні сав. улады на Барысаўшчыне. Са снеж. 1918 старшыня Лошніцкіх валасных выканкома і рэўкома. У час польскай акупацыі кіраваў партыз. групамі на Барысаўшчыне. У 1920 старшыня Барысаўскай пав. РСІ, са снеж. — Барысаўскага пав. выканкома. У 1921 узначальваў камісію па барацьбе з бандытызмам, спекуляцыяй і дэзерцірствам. У снеж. 1922 як чл. паўнамоцнай дэлегацыі БССР падпісаў Дэкларацыю аб утварэнні СССР. З мая 1924 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, з крас. 1925 нарком унутр. спраў БССР. У 1926—27 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе СССР. З мая 1927 сакратар ЦВК БССР, адначасова старшыня Нац. камісіі пры ЦВК БССР, на гады дзейнасці якой на чале з Х. прыпаў пік праводзімай у рэспубліцы палітыкі беларусізацыі. У 1928 узначаліў урадавую Камісію па рэарганізацыі Ін-та бел. культуры ў Бел. АН. З лют. 1931 нарком фінансаў БССР. У 1935—37 сакратар Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы Канстытуцыі СССР 1936, узначальваў Камісію па амністыі і сав. грамадзянстве. Быў рэдактарам час. «Революция и национальности», чл. рэдакцыйнага савета Вял. сав. атласа свету. Выступаў у друку па пытаннях сав. будаўніцтва. Чл. ЦВК БССР у 1920—37 і яго Прэзідыума ў 1925—36. Чл. ЦВК СССР у 1922—24, 1925—37 і яго Прэзідыума ў 1927—35. Чл. Кантрольнай Камісіі ЦБ КП(б)Б у 1920—21, ЦБ КП(б)Б у 1922—24. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—34. 25.7.1937 арыштаваны ў Маскве, этапіраваны ў Мінск. Неабгрунтавана абвінавачаны ў прыналежнасці да «Арганізацыі правых» і кіраўніцтве ёй (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле») і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​А.​Бандарэнка.

т. 16, с. 565

ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Фёдаравіч (14.3.1923, в. Тартак Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 19.11.1995),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1969), праф. (1970). Засл. работнік Вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1946), БДУ (1950). У 1946—58 на камсам. і парт. рабоце ў Івянецкім р-не, Баранавіцкім, Маладзечанскім абкомах КП(б)Б, заг. аддзела абл. газ. «Красное знамя» (г. Маладзечна). З 1961 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. З 1965 выкладчык Мінскага радыётэхнічнага, з 1973 заг. кафедры Бел. тэатр.-мастацкага, з 1977 — Бел. політэхн. ін-таў. Даследаваў гісторыю Кастр. рэвалюцыі 1917, польска-сав. вайну 1919—20, антыфаш. і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, рэпрэсіі 1930—50-х г.

Тв.:

Польские интернационалисты в борьбе за власть Советов в Белоруссии. Мн., 1967;

Становление партизанского движения в Белоруссии и дружба народов СССР. Мн., 1980 (разам з Р.​Р.​Кручком);

Вдохновитель и организатор великой Победы. Мн., 1985 (разам з Г.​А.​Алдакушыным);

Солдат великих боев: Жизнь и деятельность Ф.​Э.​Дзержинского. 5 изд. Мн., 1987;

Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1—2;

Аб раззбраенні груповак Арміі Краёвай у Нарачанскай і Налібоцкай пушчах (1943—1944) // Там жа. 1996. № 1, 3.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 16, с. 565

ХАЦКЕ́ВІЧ Віктар Сцяпанавіч (н. 16.9.1943, г. Томск, Расія),

бел. мастак. Сын С.Ф.Хацкевіча. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Працуе ў манументальна-дэкар. і станковым жывапісе. Асн. прыёмы пабудовы кампазіцыі — сумяшчэнне розначасовых і разнапланавых з’яў. Аўтар манум. размалёвак «У краіне блакітных азёр» (1985) і «Рэха зямлі» (1986) для дзіцячага санаторыя «Баравое» на воз. Нарач, «Балада пра Бацькаўшчыну» для аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску (4 часткі, 1999); вітражоў для банка ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. (1988), «Мой горад» у гасцініцы «Юбілейная» (1992), трыпціха «Стварэнне» ў зале вучонага савета Бел. пед. ун-та (1994; абодва ў Мінску). Выканаў станковыя кампазіцыі «Янка Купала. 1941» (1983), «Браслаўшчына» (1988), «Узыходжанне» (1997), «Рагнеда», «Залаты век» (абедзве 1998), «Карона» (1999), «Ікар» (2001), «Паляванне» (2002). Творы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнымі суадносінамі элементаў пластычнай формы.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Хацкевіч. Фрагмент размалёўкі «Балада пра Бацькаўшчыну» ў Мінскім аўтавакзале «Маскоўскі». 1999.

т. 16, с. 565

ХАЦКЕ́ВІЧ Генадзь Аляксеевіч (н. 6.12.1950, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (2002). Скончыў БДУ (1973), дзе і працаваў да 1995. У 1985—88 у Нац. ін-це планавання і статыстыкі Алжыра. З 1995 у Мінскім Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва (дэкан, з 1997 заг. кафедры, з 1998 прарэктар). З 2002 у Мінскім ін-це кіравання (прарэктар). Навук. працы па метадах эканаметрычнага мадэліравання і прагназіравання сац.-эканам. працэсаў ва ўмовах фарміравання рыначных адносін. Даследуе працэдуры пабудовы індэксаў спажывецкіх цэн. Аўтар шэрагу дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Основы имитационного и статистического моделирования. Мн., 1997 (сааўт.);

Экономическое моделирование и анализ неустойчивых экономических процессов. Мн., 2000;

Статистика: описательный подход. Мн., 2002.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 566

ХАЦКЕ́ВІЧ Рыгор Мікітавіч (1.2.1911, в. Ратушчы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 9.8.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў Барысаўскі пед. тэхнікум. (1930), Мінскі пед. ін-т. Настаўнічаў, у 1931—33 у чэрвеньскай раённай газеце. У 1937 рэпрэсіраваны. Асуджаны на 5 гадоў лагерных работ, сасланы на Поўнач. З 1945 на Беларусі, настаўнічаў. У 1953—58 жыў у Днепрапятроўску. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1930. Асн. тэматыка творчасці — хараство роднага краю, высакароднасць чалавека, падзеі грамадз. вайны. Аўтар паэт. зб. «Налівайся, колас» (1932), аповесцей «На золку» (1972), «Хмара над лесам» (1980), перакладаў з рус. і ўкр. моў. Пісаў для дзяцей (кнігі вершаў «Наш пяты клас», 1962; «Бяроза на ўзлеску», 1977).

Р.М.Хацкевіч.

т. 16, с. 566

ХАЦКЕ́ВІЧ Сцяпан Фёдаравіч (1.8.1910, в. Парэчча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.7.1979),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў драм. студыю пры Наркамаце асветы БССР (1933). З 1933 працаваў у БДТ-2, з 1937 — у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізоду. Яго творчасці ўласцівы выразная пластыка, багацце інтанацый, яркія сац.-псіхал. характарыстыкі персанажаў. Сярод роляў: Лявон Зяблік («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Грыбок («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Торгала, Нічыпар («Брама неўміручасці», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Аднавокі («Салавей» З.​Бядулі), Семяніхін, Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Буйкевіч, Крандзялёў («Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Харытон («Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча), Клешч, Шохін («На дне», «Зыкавы» М.​Горкага), Чапурын, Грамілаў, Галутвін («Запрацаваны хлеб», «Таленты і паклоннікі», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сарпіён Цёткін («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Васін («Рускія людзі» К.​Сіманава, Капылоў («Традыцыйны збор» В.​Розава), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта), Слуга («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета) і інш. Здымаўся ў бел. кіна- і тэлефільмах («Міколка-паравоз», «Руіны страляюць...», «Чалавек не здаецца», «Тартак», «Хвалі Чорнага мора» і інш.).

Літ.:

Гарэцкая М. Сцяпан Хацкевіч // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Л.​І.​Брандабоўсш.

т. 16, с. 566

ХАЦЬКО́ Алег Пятровіч (н. 11.9.1968, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (суднамадэльны спорт, стэндавыя мадэлі). Майстар спорту Беларусі міжнар. класа (1994). Скончыў БПА (1992). З 2001 інструктар па спорце Бел. абароннага спарт.-тэхн. т-ва. Залатыя медалі на чэмпіянатах свету (1993, г. Ябланец, Чэхія; 1997, Сент-Гален, Швейцарыя; 1998, г. Гданьск, Польшча; 2002, г. Гановер, Германія — 2 медалі); сярэбраны прызёр (1998, г. Гданьск; 2000, г. Монс, Бельгія — 2 медалі); 2002, г. Гановер). Залатыя медалі на чэмпіянатах Еўропы (1994, г. Адэса, Украіна; 1995, г. Канстанца, Румынія; 2001, г. Кромержыж, Чэхія — 2 медалі); бронз. прызёр (2001, г. Кромержыж). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1988, г. Кіраваград, Украіна). 19-разовы чэмпіён Беларусі (1988—2002). 15 рэкордаў і вышэйшых дасягненняў Беларусі ў розных класах мадэлей.

т. 16, с. 566

ХАЦЬКО́ Жазеф Паўлавіч (н. 19.6.1923, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. геафізік; адзін са стваральнікаў бел. школы па фундаментальнай геафізіцы, заснавальнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. Канд. геолага-мінералагічных навук (1952). Скончыў Свярдлоўскі горны ін-т (1947). З 1951 у Ін-це геал. навук (у 1959—63 заг. геафіз. лабараторыі) і з 1963 заг. сектара фізікі Зямлі Лабараторыі геахім. праблем АН Беларусі. Выкладаў у БДУ (1953—65). З 1971 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (у 1971—87 заг. лабараторыі). Навук. працы па геафізіцы, сейсмалогіі, праблемах геолага-геафіз. абгрунтавання пошукаў радовішчаў карысных выкапняў. Развіў новы для Беларусі навук. кірунак па фізіцы Зямлі (вывучэнне яе глыбіннай будовы, сейсмалогіі і зямнога электрамагнетызму). Прыняў удзел у выкананні шэрагу міжнар. праектаў і праграм. Адзначаны медалём «100 гадоў міжнароднай геафізіцы» (1983).

Тв.:

Глубинное строение территории Белоруссии и Прибалтики по данным геофизики. Мн., 1974;

Глубинное строение и динамика земных недр территории Белоруссии. Мн., 1991 (у сааўт.);

Геофизическая обсерватория Плещеницы (Минск). Мн., 1993 (разам з Ю.​М.​Кузняцовым).

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 566