ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Ісакавіч (28.1.1895, в. Навасёлкі Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Працаваў на лесапільных з-дах Барысава і Рэчыцы. З 1915 у арміі, пасля ранення з 1918 на радзіме. Удзельнічаў ва ўстанаўленні сав. улады на Барысаўшчыне. Са снеж. 1918 старшыня Лошніцкіх валасных выканкома і рэўкома. У час польскай акупацыі кіраваў партыз. групамі на Барысаўшчыне. У 1920 старшыня Барысаўскай пав. РСІ, са снеж. — Барысаўскага пав. выканкома. У 1921 узначальваў камісію па барацьбе з бандытызмам, спекуляцыяй і дэзерцірствам. У снеж. 1922 як чл. паўнамоцнай дэлегацыі БССР падпісаў Дэкларацыю аб утварэнні СССР. З мая 1924 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, з крас. 1925 нарком унутр. спраў БССР. У 1926—27 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе СССР. З мая 1927 сакратар ЦВК БССР, адначасова старшыня Нац. камісіі пры ЦВК БССР, на гады дзейнасці якой на чале з Х. прыпаў пік праводзімай у рэспубліцы палітыкі беларусізацыі. У 1928 узначаліў урадавую Камісію па рэарганізацыі Ін-та бел. культуры ў Бел. АН. З лют. 1931 нарком фінансаў БССР. У 1935—37 сакратар Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы Канстытуцыі СССР 1936, узначальваў Камісію па амністыі і сав. грамадзянстве. Быў рэдактарам час. «Революция и национальности», чл. рэдакцыйнага савета Вял. сав. атласа свету. Выступаў у друку па пытаннях сав. будаўніцтва. Чл. ЦВК БССР у 1920—37 і яго Прэзідыума ў 1925—36. Чл. ЦВК СССР у 1922—24, 1925—37 і яго Прэзідыума ў 1927—35. Чл. Кантрольнай Камісіі ЦБ КП(б)Б у 1920—21, ЦБ КП(б)Б у 1922—24. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—34. 25.7.1937 арыштаваны ў Маскве, этапіраваны ў Мінск. Неабгрунтавана абвінавачаны ў прыналежнасці да «Арганізацыі правых» і кіраўніцтве ёй (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле») і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​А.​Бандарэнка.

т. 16, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)