ХАЦКЕ́ВІЧ Віктар Сцяпанавіч (н. 16.9.1943, г. Томск, Расія),

бел. мастак. Сын С.Ф.Хацкевіча. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Працуе ў манументальна-дэкар. і станковым жывапісе. Асн. прыёмы пабудовы кампазіцыі — сумяшчэнне розначасовых і разнапланавых з’яў. Аўтар манум. размалёвак «У краіне блакітных азёр» (1985) і «Рэха зямлі» (1986) для дзіцячага санаторыя «Баравое» на воз. Нарач, «Балада пра Бацькаўшчыну» для аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску (4 часткі, 1999); вітражоў для банка ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. (1988), «Мой горад» у гасцініцы «Юбілейная» (1992), трыпціха «Стварэнне» ў зале вучонага савета Бел. пед. ун-та (1994; абодва ў Мінску). Выканаў станковыя кампазіцыі «Янка Купала. 1941» (1983), «Браслаўшчына» (1988), «Узыходжанне» (1997), «Рагнеда», «Залаты век» (абедзве 1998), «Карона» (1999), «Ікар» (2001), «Паляванне» (2002). Творы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнымі суадносінамі элементаў пластычнай формы.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Хацкевіч. Фрагмент размалёўкі «Балада пра Бацькаўшчыну» ў Мінскім аўтавакзале «Маскоўскі». 1999.

т. 16, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)