БОРН
(Born) Макс (11.12.1882, г. Вроцлаў, Польшча — 5.1.1970),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны чл. Расійскай (1924) і АН СССР (1934) і інш. акадэмій. Скончыў Гётынгенскі ун-т. Праф. ун-таў у Берліне і Гётынгене (1915—33), у Кембрыджы і Эдынбургу (1933—53). Навук. працы па дынаміцы крышт. рашоткі, квантавай і кінетычнай тэорый кандэнсаваных газаў і вадкасцяў, атамнай фізіцы і тэорыі адноснасці, філас. праблемах фізікі і тэорыі пазнання. Упершыню (1926) даў імавернасную інтэрпрэтацыю хвалевай функцыі, прапанаваў спосаб разліку электронных абалонак атама, распрацаваў метад рашэння квантава-мех. задач аб сутыкненні часціц, заснаваны на тэорыі ўзбурэнняў (борнаўскае прыбліжэнне), разам з Н.Вінерам увёў у квантавую механіку паняцце аператара. Заснаваў гётынгенскую школу тэарэт. фізікі. Нобелеўская прэмія 1954.
Тв.:
Рус. пер. — Атмная физика. 3 изд М., 1970;
Эйнштейновская теория относительности. М., 1972;
Размышления и воспоминания физика. М., 1977.
т. 3, с. 217
БО́РНАЯ КІСЛАТА́,
ортаборная кіслата, слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3·mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
т. 3, с. 217
БО́РНМУТ
(Bournemouth),
горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва ЛаМанш. 154 тыс. ж. (1989). Металаапр., эл.-тэхн., парфюмерная, фармацэўтычная прам-сць. Буйны кліматычны прыморскі курорт (Англійская Рыўера). Развіваецца з 19 ст., адзін з найб. папулярных курортных і турысцкіх цэнтраў краіны. Умерана вільготны клімат, умовы для марскіх купанняў, пляжы і інш. прыродныя фактары забяспечваюць кліматалячэнне хвароб органаў дыхання, расстройстваў нерв. сістэмы. Вял. парк, зімовы сад, музеі, канцэртныя залы, шмат арх.-гіст. Помнікаў.
т. 3, с. 218
БО́РНХАЛЬМ
(Bornholm),
востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс. чал. (1994). Складзены ў паўн. ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.
т. 3, с. 218
БО́РНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя і мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання бору і інш. карысных кампанентаў. Прадстаўлены баратамі (пераважна натрыю, кальцыю, магнію), борасілікатамі і інш. мінераламі. Частку борных руд выкарыстоўваюць як угнаенні або перапрацоўваюць у борасуперфасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў КНР, ЗША, Турцыі, Аргенціне, КНДР, Перу, Чылі.
т. 3, с. 218
БО́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, у якіх бор знаходзіцца ў даступнай для раслін форме; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У якасці борных угнаенняў выкарыстоўваюць борную к-ту, борны канцэнтрат, буракс, борны суперфасфат, некаторыя борныя руды і інш. Асабліва эфектыўныя на дзярнова-падзолістых, перагнойна-карбанатных, некаторых балотных глебах, чырваназёмах, шэразёмах і інш. Найб. успрымальныя да борных угнаенняў насеннікі канюшыны, люцэрны, кармавыя і сталовыя караняплоды, цукр. буракі, бульба, грэчка, лён, бавоўнік.
т. 3, с. 218
БО́РСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, на У Пусташ-Дабралуцкага балота ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 2805 га (1995). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы, а таксама хвойнікі пушыцава-сфагнавыя, багуновыя і інш. На ўчастках з мінер. глебамі — бярэзнік і хвойнікі чарнічныя, радзей, бярэзнікі даўгамошныя, хвойнікі імшыстыя, верасовыя і інш. Трапляюцца дубровы чарнічныя і арляковыя. Расце рэдкі для гэтых мясцін балотны мірт (паўд. мяжа яго арэала).
Г.У.Вынаеў.
т. 3, с. 218
БОРТ
(галанд. boort),
крышталі і дробназярністыя агрэгаты алмазаў нізкай якасці, непрыдатныя для агранкі і выкарыстання як каштоўныя камяні. Выкарыстоўваюцца як высакаякасныя абразіўныя матэрыялы, пры бурэнні горных парод і ў металаапр. Прам-сці.
т. 3, с. 218
БОРТ
(ням. Bord),
1) сукупнасць элементаў набору (бэлек, ліставых канструкцый і інш.) і абшыўкі судна, якія складаюць бакавыя сценкі корпуса.
2) У пераносным значэнні — сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і інш.; часам назва «борт» ужываецца ў дачыненні да асобнага марскога ці паветр. судна ў цэлым («узяць на борт»).
3) Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і інш.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.
т. 3, с. 218
БО́РТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.
т. 3, с. 218