БОРН ((Born) Макс) (11.12.1882, г. Вроцлаў, Польшча — 5.1.1970),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны чл. Расійскай (1924) і АНСССР (1934) і інш. акадэмій. Скончыў Гётынгенскі ун-т. Праф. ун-таў у Берліне і Гётынгене (1915—33), у Кембрыджы і Эдынбургу (1933—53). Навук. працы па дынаміцы крышт. рашоткі, квантавай і кінетычнай тэорый кандэнсаваных газаў і вадкасцяў, атамнай фізіцы і тэорыі адноснасці, філас. праблемах фізікі і тэорыі пазнання. Упершыню (1926) даў імавернасную інтэрпрэтацыю хвалевай функцыі, прапанаваў спосаб разліку электронных абалонак атама, распрацаваў метад рашэння квантава-мех. задач аб сутыкненні часціц, заснаваны на тэорыі ўзбурэнняў (борнаўскае прыбліжэнне), разам з Н.Вінерам увёў у квантавую механіку паняцце аператара. Заснаваў гётынгенскую школу тэарэт. фізікі. Нобелеўская прэмія 1954.