БОРЗАБАГА́ТЫ Уладзіслаў Канстанцінавіч
(5.5.1831, маёнтак Рутка, цяпер Навагрудскі р-н — 28.3.1886),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. За ўдзел у Братнім саюзе літоўскай моладзі выключаны з Мінскай гімназіі (1849). Пасля 1855 скончыў мед. ф-т Маскоўскага ун-та, працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 паўстанцкі камісар Навагрудскага пав. Аднадумец К.Каліноўскага, абараняў інтарэсы сялян. Пасля задушэння паўстання хаваўся, завочна прыгавораны да пакарання смерцю. У 1865 эмігрыраваў у Італію. З 1869 у Парыжы, удзельнік Парыжскай камуны. У 1874 вярнуўся на радзіму, сасланы ў Архангельск, потым у Кастрамскую губ. У 1884 вярнуўся на Беларусь.
т. 3, с. 216
БО́РКАВІЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1929—31. Утвораны 17.7.1924 як Валынецкі раён. 9.3.1929 перайменаваны ў Боркавіцкі раён. Да 26.7.1930 у складзе Полацкай акругі. Цэнтр — чыг. ст. Боркавічы. Пл. раёна 833 км², 558 нас. пунктаў з насельніцтвам 28 766 чал. (на 1.1.1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931, тэр. раёна перададзена ў Дрысенскі і Полацкі р-ны.
т. 3, с. 217
БО́РКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 38 км на ПдУ ад Верхнядзвінска, 143 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 1159 ж., 589 двароў (1995). Сельскае прафес.-тэхн. вучылішча, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў, ахвяраў фашызму.
т. 3, с. 217
БО́РКІ,
вёска ў Беларусі, у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на Пд ад г. Бяроза, за 100 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 342 ж., 127 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 217
БО́РКІ,
вадасховішча ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл., за 13 км на У ад г. Слуцк, каля в. Боркі. Створана ў 1984. Пл. 0,72 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 0,8 км, найб. глыб. 4 м. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з р. Слівянка па напорным вадаводзе. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі.
т. 3, с. 217
БО́РЛАЎГ
(Borlaug) Норман Эрнест (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),
амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.
т. 3, с. 217
БО́РМАН
(Bormann) Марцін (17.6.1900, г. Гальберштат, Германія — 2.5.1945, паводле афіц. версіі),
палітычны дзеяч фаш. Германіі. У 1922—23 у добраахвотніцкім корпусе «Росбах». У сак. 1924 за ўдзел у забойстве ўдзельніка аднаго з мілітарысцкіх «саюзаў» асуджаны на 1 год зняволення. Чл. нацысцкай партыі (НСДАП) з 1927. Нач. штаба Р.Геса, рэйхсляйтэр НСДАП і дэпутат рэйхстага (з 1933). Найбліжэйшы саветнік рэйхсканцлера Германіі А.Гітлера і кіраўнік яго парт. канцылярыі з 1941. У маі 1945 знік. На Нюрнбергскім працэсе завочна прыгавораны да пакарання смерцю як адзін з гал. ваен. злачынцаў. У 1973 прызнаны судом ФРГ памерлым. Дакладных звестак пра лёс Бормана няма.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 279—331.
т. 3, с. 217
БО́РМАН
(Borman) Фрэнк (н. 14.3.1928, г. Гэры, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1950), Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1957). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 разам з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-7». 21—27.12.1968 разам з Ловелам і У.Андэрсам ажыццявіў першы ў свеце палёт да Месяца на касм. караблі «Апалон-8». Агульная працягласць палётаў 18,7 сут. Імем Бормана названы кратэр на Месяцы.
т. 3, с. 217
БО́РМАТАЎ Усевалад Яўстафіевіч
(н. 7.11.1928, в. Міцькаўка Клімаўскага р-на Бранскай вобл.),
бел. генетык і селекцыянер раслін. Чл.-кар. АН Беларусі (1970), д-р біял. н. (1968), праф. (1976). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1952). З 1955 нам. дырэктара Ін-та біялогіі АН БССР, з 1977 рэктар БСГА, у 1963—77 і з 1980 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па эксперым. поліплаідыі і гетэрозісе ў с.-г. раслін, тэорыі і метадах храмасомнай інжынерыі раслін, біятэхналогіі.
Тв.:
Экспериментальная полиплоидия и гетерозис у сахарной свеклы. Мн., 1972 (разам з М.В.Турбіным);
Полиплоидия и полиморфизм растений по величине клеток. Мн., 1986 (разам з Т.І.Лапацінай);
Тетраплоидные тритикале. Мн., 1990 (у сааўт.).
т. 3, с. 217
БОРМАШЫ́НА,
медыцынскі апарат, які надае вярчальны рух бору, прызначанаму для прэпаравання цвёрдых тканак зуба. У нажных бормашынах скорасць вярчэння бора 800—1500, у электрычных — да 30 000 аб/мін. Шырока выкарыстоўваецца турбінная бормашына са скорасцю да 300 000 аб/мін, пры якой значна скарачаецца час апрацоўкі зуба і змяншаюцца болевыя адчуванні.
т. 3, с. 217