Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРАКО́ТА (ад італьян. terra зямля, гліна + cotta абпаленая),

неглазураваныя керамічныя вырабы з порыстым чарапком розных колераў (ад жоўтага да чырвона-карычневага і чорнага). Т. можа быць размаляваная халодным спосабам без абпальвання, часткова або поўнасцю паліраваная. У гісторыі мастацтва Т. прадстаўлена дробнай пластыкай (гл. Пластыка ў мастацтве), кафляй, посудам мастацкім, плакеткамі, цацкамі (напр., дымкаўскія цацкі), дэталямі арх. дэкору. На Беларусі вядома са старажытнасці. Пазней тэракотавыя вырабы пашырыліся ў творчасці нар. майстроў, самадзейных і прафес. мастакоў (М.​Байрачны, А.​Зіменка, М.​Пушкар і інш.).

Літ.:

Филиппов А.В., Филиппова С.В., Брик Ф.Г. Архитектурная терракота. М., 1941;

Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.

У.​В.​Угрыновіч.

т. 16, с. 130

ТЭРАМО́РФЫ,

падклас вымерлых паўзуноў, гл. Зверападобныя.

т. 16, с. 130

ТЭРА́НЬІ (Terragni) Джузепе (18.4.1904, Меда, Ламбардыя, Італія — 19.7.1943),

італьянскі архітэктар. Зазнаў уплыў А.Сант-Элія. Разам з А.​Ліберай і інш. заснаваў у 1926 «Групу сямі», якая спрыяла пашырэнню рацыяналізму ў архітэктуры Італіі. У сваіх работах дасягнуў сувязі ўнутр. прасторы і наваколля, спалучаў глухія паверхні сцен і ажурныя структуры жалезабетонных каркасаў (агараджэнні лоджый, перакрыцці тэрас у верхнім паверсе), віртуозна выкарыстоўваў мясц. традыцыі міжземнаморскага дойлідства (дворыкі-атрыі як цэнтры арх. кампазіцыі). Сярод твораў: у г. Кома — жылы дом «Навакомум» (1929), Нар. дом (1932), Каса дэль Папола (1932—36), дзіцячы сад (1936); дом Рустычы ў Мілане (1934—35, з П.​Лінджэры), віла Б’янкаў Севеза (Ламбардыя; 1936—37).

Дж. Тэраньі. Каса дэль Папола ў г. Кома.

т. 16, с. 130

ТЭРАПІ́Я (ад грэч. therapeia догляд, лячэнне),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення хвароб (этыялогію), механізмы іх развіцця (патагенез), метады распазнавання (дыягностыку), лячэнне і прафілактыку захворванняў унутр. органаў (нырак, печані, сэрца, страўніка, залоз унутр. сакрэцыі і інш.). Т. наз. таксама т.зв. кансерватыўныя метады лячэння хвароб: лекамі (лекавыя сродкі), у т. л. гарманальнымі сродкамі (гармонатэрапія), вакцынамі і сывараткамі (вакцынатэрапія, сератэрапія), рознымі відамі іянізавальнага выпрамянення (прамянёвая тэрапія), кліматычнымі ўмовамі (клімататэрапія), масажам, фіз. фактарамі і практыкаваннямі (фізіятэрапія), лячэбным харчаваннем, лячэбнай фізічнай культурай, крыятэрапіяй і інш. Цесна звязана з аховай здароўя.

Адрозніваюць Т.: этыятропную, накіраваную на ліквідацыю прычын хваробы; замяшчальную — папаўненне рэчываў, якіх не хапае ў арганізме; патагенет. (выкарыстанне сродкаў, якія разрываюць механізм развіцця хваробы); сімптаматычную, якая ўключае лячэбныя мерапрыемствы, накіраваныя на ліквідацыю пэўных сімптомаў захворвання.

т. 16, с. 130

ТЭ́РАР (Terror),

патухлы вулкан у Антарктыдзе, на в-ве (паводле інш. звестак п-ве) Роса, каля берагоў Зямлі Вікторыі. Выш. 3262 м. Складзены з базальтаў, укрыты ледавікамі. Адкрыты Д.К.Росам у 1841, названы ім у гонар экспедыцыйнага судна.

т. 16, с. 131

ТЭРА́РЫЗМ (ад лац. terror страх, жах),

гвалтоўныя дзеянні з мэтай падаўлення, запалохвання паліт. праціўнікаў ці канкурэнтаў, навязвання пэўнай лініі паводзін. Адрозніваюць Т. індывід., групавы і дзярж. (рэпрэсіі дыктатарскіх і таталітарных рэжымаў). У гісторыі чалавецтва Т. часта выкарыстоўваўся як сродак паліт. барацьбы ў інтарэсах дзяржавы, рэлігіі, арг-цый і груповак рознай накіраванасці, быў пашыраным інструментам нац.-вызв. і сепаратысцкіх рухаў, рэвалюцый і контррэвалюцый у перыяды глыбокіх грамадскіх крызісаў. У 1970—90-я г., калі пашырыўся міжнар. Т., ахвярамі якога сталі і мірныя жыхары, былі прыняты міжнар. канвенцыі і нац. заканад. акты аб барацьбе з гэтым злом. У наш час назіраецца эскалацыя тэрарыст. дзейнасці экстрэмісцкіх арг-цый, узрастае антыгуманнасць тэрарыст. актаў (захоп заложнікаў, угон самалётаў, акты этнаканфесіянальнага генацыду і інш.). З тэрарыст. актаў найб. маштабныя па колькасці чалавечых ахвяр і разбурэнняў — знішчэнне 1.1.9.2001 групоўкай ісламскіх экстрэмістаў будынкаў Сусв. гандл. цэнтра ў Нью-Йорку (ЗША) з дапамогай захопленых пасажырскіх самалётаў, а таксама захоп 24.10.2002 чэчэнскімі тэрарыстамі гледачоў мюзікла «Норд-ост» у Доме культуры па вул. Мельнікава ў Маскве (загінула 129 чал.). У ліку прычын Т. нарастанне крызісных з’яў, няздольнасць грамадства ўрэгуляваць складаныя сац.-паліт. працэсы, хуткая змена сістэм чалавечых і паліт. ідэалаў і каштоўнасцей, падключэнне да паліт. жыцця шырокіх мас палітычна нявопытнага насельніцтва, іх імкненне выкараніць заганы грамадскіх і дзярж. сістэм «найкарацейшым», як уяўляецца тэрарыстам, шляхам.

Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрарыст. акт заключаецца: ва ўчыненні актаў насілля, выбухаў, падпалаў або інш. дзеянняў, якія ствараюць пагрозу гібелі і калецтва людзей, нанясення матэрыяльнай шкоды ў буйным памеры і ўзнікнення інш. цяжкіх наступстваў, з мэтай запалохвання насельніцтва ці ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзярж. органамі, або стварэння перашкод паліт. і інш. грамадскай дзейнасці; у замаху на жыццё дзярж. або грамадскага дзеяча ў сувязі з яго дзейнасцю; ва ўчыненні або арганізацыі ўчынення аналагічных дзеянняў на тэр. замежнай дзяржавы з мэтай правакацыі міжнар. ускладненняў, вайны ці дэстабілізацыі ўнутр. становішча гэтых дзяржаў; у замаху на жыццё дзярж., грамадскага дзеяча замежнай дзяржавы ці прычыненні шкоды яго маёмасці з той жа мэтай. У Рэспубліцы Беларусь барацьба з Т. вядзецца на падставе Закона ад 3.1.2002 «Аб барацьбе з тэрарызмам» і інш. заканад. актаў.

Літ.:

Дэвис Л. Терроризм и насилие: Пер. с англ. Смоленск, 1998;

Жариков К.В. Терроризм и террористы: Ист. справ. Мн., 1999.

Г.​А.​Маслыка.

т. 16, с. 131

ТЭРА́РЫУМ, тэрарый (новалац. terrarium ад лац. terra зямля),

памяшканне для ўтрымання дробных наземных жывёл (пераважна паўзуноў і земнаводных). Адрозніваюць Т. гарыз. (для жывёл адкрытых прастораў стэпаў, пустынь), кубічныя (для жывёл, што выкарыстоўваюць гарыз. і верт. паверхні, таксама для рыючых відаў), верт. (для жывёл, якія жывуць у кронах дрэў, на сценах пабудоў і інш.). У Т. ствараюць прыродныя ўмовы для жывёл з дапамогай святла, сістэм падтрымання т-ры, вільготнасці, вентыляцыі і інш.

Тыпы тэрарыумаў.

т. 16, с. 131

ТЭРА́СА (франц. terrasse ад лац. terra зямля),

1) у горадабудаўніцтве гарызантальная ці слаба нахіленая пляцоўка натуральнага або штучнага паходжання, якая ўтварае ўступ на схіле мясцовасці. Т. ствараюцца для размяшчэння будынкаў на стромым рэльефе, для буд-ва дарог, арганізацыі пад’ездаў да збудаванняў. Насыпныя Т. ўмацоўваюць падпорнымі сценкамі, парапетамі і інш. 2) У садова-паркавым мастацтве натуральныя або штучныя пляцоўкі для стварэння паркавых кампазіцый. На Беларусі вядомы з 17 ст. (т.зв. італьянскія сады). У 17—18 ст. паявіліся паркі тэраснага тыпу ў Альбе пад Нясвіжам, Віцебску, Гомелі, вёсках Прылукі і Сёмкава Мінскага р-на і інш. Ствараюцца і ў наш час. 3) У архітэктуры Т. — адкрытая з трох бакоў (з 19 ст. часам зашклёная) летняя прыбудова да будынка ці збудавання, якая падтрымліваецца слупамі, калонамі, аркадамі, кансолямі. Дах Т. часцей з’яўляецца працягам даху асн. будынка. На Беларусі Т. пашырыліся ў 18 ст. ў сядзібна-палацавым буд-ве, уяўлялі сабой пляцоўкі, звязаныя з заламі 2-га паверха сядзібнага дома або палаца. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца як рытмічныя і кантрастныя элементы кампазіцыі.

т. 16, с. 131

ТЭРАСАВА́ННЕ,

штучнае змяненне паверхні схілаў гор, далін рэк і інш. для гасп. выкарыстання. Пры Т. ствараюць тэрасы ў выглядзе абмежаваных валамі пляцовак, канаў і інш. з мэтай захавання глебавага покрыва, паляпшэння воднага рэжыму глеб і ўмоў іх апрацоўкі. Пашырана са старажытнасці ў краінах з горным рэльефам.

У залежнасці ад характару схілаў і іх выкарыстання робяць тэрасы грабянёвыя (на схілах з нахілам 0,02—0,12) — пераважна пад пашу; прыступкавыя (на схілах з нахілам 0,12—0,25) — для агароднінных і пладовых культур; траншэйныя (на стромкіх схілах з маламагутным глебавым покрывам) — для чайных кустоў і цытрусавых; тэрасы-канавы (на схілах з нахілам 0,1—1) — у раёнах, дзе выпадаюць ліўневыя дажджы.

Да арт. Тэрасаванне. Віды тэрас: 1 — грабянёвыя; 2, 3 — прыступкавыя; 4 — траншэйныя; 5 — тэрасы-канавы.

т. 16, с. 131

ТЭРА́СЫ,

ступенепадобныя формы рэльефу з гарызантальнымі або слаба нахіленымі выраўнаванымі пляцоўкамі на схілах рачных далін, берагах азёр і мораў, абмежаваныя ўступамі зверху і знізу. Утвараюцца пад уздзеяннем праточнай вады (рачныя Т.), хваль вадаёмаў (азёрныя і марскія Т), ва ўмовах тэктанічнага падняцця пэўнай тэр., змены клімату, базісу эрозіі, эўстатычных ваганняў узроўню басейна. Паводле геал. будовы рачныя Т. падзяляюцца на акумулятыўныя (складзены з алювію), эразійныя, або структурныя (з карэнных парод, алювій захаваўся лакальна), эразійна-акумулятыўныя, або цокальныя (ніжняя ч. складзена з карэнных парод, верхняя — з алювію). Часта рачныя Т. размешчаны ў некалькі ярусаў, адна над адной, што сведчыць аб некалькіх цыклах размыву і акумуляцыі. Самай нізкай і маладой Т. з’яўляецца пойма (поймавая Т.), над ёй узвышаюцца надпоймавыя Т. Марскія і азёрныя Т. ўтвараюцца ў выніку абразіі (абразійныя Т.) і намнажэння марскіх і азёрных адкладаў (акумулятыўныя Т.). Часам Т. наз. формы рэльефу інш. паходжання, напр., дэнудацыйныя, апоўзневыя, саліфлюкцыйныя, штучныя (гл. Тэрасаванне).

т. 16, с. 132