ТЭРА́СЫ,
ступенепадобныя формы рэльефу з гарызантальнымі або слаба нахіленымі выраўнаванымі пляцоўкамі на схілах рачных далін, берагах азёр і мораў, абмежаваныя ўступамі зверху і знізу. Утвараюцца пад уздзеяннем праточнай вады (рачныя Т.), хваль вадаёмаў (азёрныя і марскія Т), ва ўмовах тэктанічнага падняцця пэўнай тэр., змены клімату, базісу эрозіі, эўстатычных ваганняў узроўню басейна. Паводле геал. будовы рачныя Т. падзяляюцца на акумулятыўныя (складзены з алювію), эразійныя, або структурныя (з карэнных парод, алювій захаваўся лакальна), эразійна-акумулятыўныя, або цокальныя (ніжняя ч. складзена з карэнных парод, верхняя — з алювію). Часта рачныя Т. размешчаны ў некалькі ярусаў, адна над адной, што сведчыць аб некалькіх цыклах размыву і акумуляцыі. Самай нізкай і маладой Т. з’яўляецца пойма (поймавая Т.), над ёй узвышаюцца надпоймавыя Т. Марскія і азёрныя Т. ўтвараюцца ў выніку абразіі (абразійныя Т.) і намнажэння марскіх і азёрных адкладаў (акумулятыўныя Т.). Часам Т. наз. формы рэльефу інш. паходжання, напр., дэнудацыйныя, апоўзневыя, саліфлюкцыйныя, штучныя (гл. Тэрасаванне).
т. 16, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)