ТЭРА́НЬІ (Terragni) Джузепе (18.4.1904, Меда, Ламбардыя, Італія — 19.7.1943),

італьянскі архітэктар. Зазнаў уплыў А.Сант-Элія. Разам з А.​Ліберай і інш. заснаваў у 1926 «Групу сямі», якая спрыяла пашырэнню рацыяналізму ў архітэктуры Італіі. У сваіх работах дасягнуў сувязі ўнутр. прасторы і наваколля, спалучаў глухія паверхні сцен і ажурныя структуры жалезабетонных каркасаў (агараджэнні лоджый, перакрыцці тэрас у верхнім паверсе), віртуозна выкарыстоўваў мясц. традыцыі міжземнаморскага дойлідства (дворыкі-атрыі як цэнтры арх. кампазіцыі). Сярод твораў: у г. Кома — жылы дом «Навакомум» (1929), Нар. дом (1932), Каса дэль Папола (1932—36), дзіцячы сад (1936); дом Рустычы ў Мілане (1934—35, з П.​Лінджэры), віла Б’янкаў Севеза (Ламбардыя; 1936—37).

Дж. Тэраньі. Каса дэль Папола ў г. Кома.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)