Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭАДАЛІ́Т (ад грэч. theaomai разглядаю + dolichos доўгі),

геадэзічны інструмент для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, вызначэння напрамку пры геадэзічных работах, тапаграфічных і маркшэйдэрскіх здымках, у буд-ве і інш.

Зрокавая труба Т. мае гарыз. і верт. восі вярчэння. Вуглы адлічваюць па гарыз. і верт. кругах. якія складаюцца з лімба і алідады. Адрозніваюць Т.: аптычны, лазерны; высокадакладны. дакладны і тэхнічны: таксама спецыялізаваныя: астранамічны, тахеометр, маркшэйдэрскі (горны). гіраскапічны (для вызначэння напрамку мерыдыяна), кодавы (фіксуе адлікі напрамку і вуглоў фотарэгістрацыяй). Выкарыстоўваецца Т. ў геадэзіі, астраноміі, авіяцыі, артылерыі, горнай і інжынернай справах. Гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты.

П.​П.​Явід.

т. 16, с. 88

ТЭАДАЛІ́ТНАЯ ЗДЫ́МКА,

адна з тапаграфічных здымак для атрымання контурнага плана мясцовасці. Выконваецца з дапамогай тэадаліта. Выкарыстоўваецца для гарыз. здымкі горных вырабатак (маркшэйдэрская Т.з.), у інж. мэтах на раўнінных тэрыторыях, у нас. пунктах, на трансп. вузлах і інш., у маштабах 1:2000 і больш. Комплекс работ: згушчэнне здымачнай сеткі, здымка контураў і прадметаў мясцовасці з запісам вымярэняў і вядзеннем абрысу, вылічэнне каардынатаў пунктаў, пабудова каардынатнай сеткі і нанясенне пунктаў па каардынатах, стварэнне контурнага плана.

П.​П.​Явід.

т. 16, с. 88

ТЭАДАРА́КІС (Theodōrakēs) Mikic (н. 29.7.1925, в-аў Хіяс, Грэцыя),

грэчаскі кампазітар. Скончыў Афінскую кансерваторыю (1950). У 2-ю сусв. вайну удзельнік руху Супраціўлення. Аўтар твораў буйных форм: оперы «Песня загінуўшага брата» (паст. 1962), «Квартал анёлаў» (паст. 1965), «Костас Карыятатыс» (паст. 1986); балеты «Арфей і Эўрыдыка», «Каханкі з Тэруэля» (абодва 1958), «Антыгона» (1959) і інш.; тв. для сімф. арк., вак. цыклы і танцы, песні, музыка да кінафільмаў і спектакляў. Аўтар кніг «Пра навагрэчаскую музыку» (1961), «Анатомія музыкі» (1983), аўтабіяграфіі «Шляхі архангела» (т. 1—4, 1986). Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1983.

т. 16, с. 88

ТЭАДАРО́ВІЧ Мікалай Парфіравіч (18.2.1904, с. Шубкаў Ровенскага р-на, Украіна — 14.9.1981),

бел. спявак (бас прафунда). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Варшаўскі ун-т (1934). Да 1939 працаваў у Пінску. У 1940—59 артыст (выканаўца сольных партый) Дзярж. харавой капэлы Беларусі. Вёў канцэртную дзейнасць. У рэпертуары творы муз. класікі, бел. кампазітараў, бел. і інш. нар. песні.

т. 16, с. 88

ТЭАДО́РЫХ Вялікі, Тэадэрых (Theodoricus, Theoderich; каля 451, Панонія — 30.8.526), кароль остготаў з 471, у Італіі ў 493—526], Па даручэнні візант. (усх.-рымскага) імператара Зянона ў 488—493 заваяваў Італію і заснаваў там остгоцкае каралеўства. Захаваў у дзярж. кіраванні і заканадаўстве остгоцкай дзяржавы стараж.-рым. ін-ты, у т. л. рымскае права, рабства, буйное землеўладанне. Умацаванне цэнтр. улады пры Т. спрыяла ўздыму земляробства і гандлю ў краіне, росквіту навук і мастацтва.

т. 16, с. 88

ТЭАКРА́ТЫЯ (ад грэч. theos бог + kratos улада),

форма дзярж. кіравання, пры якой улада засяроджана ў духавенства або ў кіраўніка царквы. Тэакратычныя дзяржавы вядомы са старажытнасці. Так, у Іудзеі ў 5—1 ст. да н.э. вярх. жрэц валодаў усёй паўнатой дзярж. улады. Тэакратычнымі дзяржавамі былі сярэдневяковыя халіфаты Амеядаў і Абасідаў. Тэакратычнай была дзяржава, засн. ў 17 ст. езуітамі ў Парагваі; у 19 ст. тэакратычным было кіраванне імама Шаміля ў Чэчні і прылеглых да яе раёнах. Тэакратычнымі дзяржавамі былі Папская вобласць (да аб’яднання Італіі ў 1870), Тыбет (да далучэння да КНР у 1951). Папа — вышэйшы кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы і адначасова кіраўнік дзяржавы Ватыкан. Ісламская рэвалюцыя ў Іране ў канцы 1970-х г. абумовіла пераход фактычнай улады ў дзяржаве да кіраўнікоў шыіцкага духавенства на чале з аяталой Р.​Хамейні.

т. 16, с. 88

ТЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. theos бог + ...логія),

вучэнне пра сутнасць, быццё і дзеянні Бога. пабудаванае на прынцыпах і догматах рэлігійных, што прымаюцца ў якасці божага адкрыцця. Гал. перадумовы Т.: вера ў Бога, які асабіста звяртаецца да чалавека з божым словам, адкрываючы сутнасць самога сябе; наяўнасць дастаткова развітой рэліг. філасофіі, якая ставіць у цэнтр светабудовы акт стварэння Богам свету. Узнікненне Т. магчыма толькі ў межах тэізму — рэліг. вучэння пра трансцэндэнтнага Бога, які стварыў свет і кіруе ім. У межах тэізму развіваюцца тэалагічныя дактрыны монатэістычных рэлігій: хрысціянства, ісламу, іудаізму. Дактрыны будызму і індуізму да Т. можна аднесці толькі ўмоўна, таму што тэістычныя элементы ў веравучэннях гэтых рэлігій не развіты. Т. ўяўляе сабой складанаструктураваную іерархічную сістэму; у ёй адрозніваюць нарматыўную Т. — сукупнасць сцвярджэнняў, якія змешчаны ў Свяшчэнным Пісанні (Біблія, Каран, Тора), і дэрыватыўную (высноўную) — багаслоўскія каментарыі Свяшчэннага Пісання, рэліг.-філас. разважанні пра Бога, яго сутнасць і дзеянні. Аўтарытэт першай у рэліг. свеце непахісны, другой — можа быць аспрэчаны царквой (напр., «Т. вызвалення» крытыкавалася папам рымскім). Вылучаюць таксама фундаментальную, маральную, пастырскую і гіст. Т. Фундаментальная (сістэматычная) Т. ўключае экзегетыку (сукупнасць трактовак зместу Свяшчэннага Пісання і інш. сакральных тэкстаў), дагматыку (сістэмную інтэрпрэтацыю догматаў), апалагетыку (рацыянальнае абгрунтаванне веравучэння), эклезіялогію (вучэнне пра царкву і яе ролю ў гісторыі чалавецтва), сац. Т. (сац.-рэліг. дактрыну), параўнальную Т., якая ажыццяўляе кампаратыўны гісторыка-сацыялагічны аналіз базавага веравучэння з рэліг. вучэннямі інш. канфесій. Маральная Т. ўключае канцэпцыю асабістага выратавання (сатэрыялогія) і маральныя каштоўнасці веравучэння, што вынікаюць з яе і павінны ўвасабляцца ў паводзінах вернікаў. Пастырская Т. — сукупнасць прыкладных аспектаў культавай дзейнасці; складаецца з літургікі (тэорыя богаслужэння), гамілетыкі (тэорыя прапаведніцкай дзейнасці), катэхітыкі (прыкладная методыка вывучэння веравучэння і прылучэння да яго дзяцей і юнацтва). Гістарычная Т. ўключае гісторыю Бібліі, гісторыю царквы, царк. археалогію.

У Стараж. Грэцыі пад тэрмінам Т. разумелася сістэматызацыя міфаў. Арыстоцель наз. Т. філас. вучэнне пра нерухомы першарухавік усяго свету. Сярэдневяковы багаслоў К.​Тэртуліян абгрунтаваў непахіснасць «ісціны Адкрыцця» і сфармуляваў тэалагічную формулу: «Веру, таму што абсурдна». Аўгусцін вызначаў сваю пазіцыю да рэліг. веры формулай «веру, каб зразумець». Яго паслядоўнік Ансельм Кентэрберыйскі лічыў веру перадумовай рацыянальных ведаў і сцвярджаў: «Не шукаю, каб верыць, але веру, каб зразумець». У пач. 20 ст. рас. багаслоў П.А.Фларэнскі распрацаваў канцэпцыю 3 стадый тэалагічнага асэнсавання Бога і свету; ён лічыў, што ад ступені «веру, таму што абсурдна» адбываецца ўзыходжанне да ступені «веру, каб зразумець», а ад яе — да ступені «разумею, каб верыць». Пратэстанцкі тэолаг П.​Тыліх вызначаў Т. як «рацыянальную інтэрпрэтацыю рэліг. субстанцыі абрадаў, сімвалаў, міфаў».

У развіцці Т. вылучаюцца 2 тэндэнцыі: з аднаго боку, Т. абвяшчае абсалютную першаснасць і непахіснае вяршэнства вечных ісцін, якія не падлягаюць гіст. зменам; з другога боку, пад уплывам сац.-эканам., паліт., навук.-тэхн., сацыякульт. змен (асабліва імклівых на мяжы 20—21 ст.) яна вымушана шукаць абгрунтаваныя ў філас., навук., маральным плане спосабы канструктыўнага дыялогу з сучасным светам (напр., аджарнамента — абнаўленне рымска-каталіцкай Т., звязанае з патрабаваннямі сучаснасці). У рэчышчы абнаўленчай тэндэнцыі ўзнікаюць новыя дактрыны каталіцызму і пратэстантызму: Т. культуры, Т. «смерці Бога», Т. надзеі, Т. вызвалення, Т. палітыкі, Т. працы, Т. развіцця, Т. рэвалюцыі, Т. «смерці Т.» і інш.

На Беларусі развіццё Т. бярэ пачатак у 10 ст. Пасля хрышчэння Русі візант. іерархі прапаведавалі на бел. землях Свяшчэннае Пісанне, багаслоўскія ідэі ўсх. айцоў царквы (Васіля Вялікага, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста). Самаст. багаслоўская школа тут склалася ў 12—17 ст. У развіцці бел. Т. можна вылучыць 5 этапаў: асветніцкі (12—1-я пал. 16 ст.), палемічны (2-я пал. 16—17 ст.), дагматычны з тэндэнцыяй да нацыяналізацыі царк. жыцця (18 — пач. 20 ст.), этап ганенняў на хрысціянства ў СССР, перыяд хрысц. адраджэння (з канца 1980-х г.). На першым этапе дамінавалі практычная і асветніцкая Т., гамілетыка, экзегетыка (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі, Грыгорый Цамблак), свецкая біблеістыка Ф.Скарыны, арыентаваная на адзінства хрысціян, духоўнае абнаўленне народа. Пасля ўзмацнення каталіцтва і апазіцыйнага яму рэфармацыйнага руху ў бел. Т. сфарміраваліся 3 палемічныя плыні: правасл. (С.Зізаній, Хрыстафор Філалет, Л.Карповіч, А.Мужылоўскі); рымска-каталіцкая (П.Скарга, М.К.Сарбеўскі, А.Каяловіч) і грэка-каталіцкая (І.Пацей, І.Руцкі, І.Кунцэвіч, Р.​Корсак, Л.​Крэўза, Л.​Кішка); пратэстанцкая (С.Будны, В.Цяпінскі, М.Чаховіц, Якуб з Калінаўкі). Для абгрунтавання сваёй канфесіі і крытыкі інш. веравызнанняў бел. багасловы палемічнага перыяду выкарыстоўвалі ўсе віды Т. (гісторыю царквы, дагматыку, апалагетыку і інш.), красамоўства, гуманіт. навукі. У канцы 17—19 ст. на Беларусі адбылася стабілізацыя асн. канфесій: правасл. і рымска-каталіцкай, арыентаваных адпаведна на рас. і польскую тэалагічныя школы. Уніяцкая царква як пераважна сельская захавала элементы нар. культуры і мовы. Прыхільнікамі далучэння да Расіі і уніфікацыі правасл. Т. былі архіепіскап і багаслоў Г.Каніскі, пасля ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы — яе былыя епіскапы І.Сямашка і А.Зубко. З уніяцкага і рымска-каталіцкага асяроддзя выйшлі першыя дзеячы нац. адраджэння: пісьменнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, вучоныя і тэолагі С.Данісевіч, Б.Эпімах-Шыпіла, Ф.Абрантовіч, А.Станкевіч і інш. У пач. 20 ст. складвалася нац. школа бел. Т., арыентаваная на духоўнае адзінства хрысціян, культ.-нац. самавызначэнне. З правасл. боку гэту ідэю падтрымлівалі мітрапаліт Мелхіседэк і інш. святары, рэпрэсіраваныя сав. уладай. У міжваен. перыяд (1918—39) цэнтр бел. тэалагічнай думкі перамясціўся ў Зах. Беларусь, дзе склаліся самабытныя кірункі Т., накіраваныя на збліжэнне рэліг. і свецкай культуры (Беларуская хрысціянская дэмакратыя, газ. «Беларуская крыніца», час. «Хрысціянская думка», асветніцкая дзейнасць Станкевіча, В.Гадлеўскага, ксяндзоў і пісьменнікаў А.Зязюлі, К.Сваяка і інш.). З канца 1980-х г. пачалося адраджэнне бел. багаслоўскай думкі, яе развіццё ў агульнасусв. кантэксце. Яе вынікі асвятляюцца ў правасл. («Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», час. «Праваслаўе») і каталіцкай (час. «Наша вера») перыёдыцы. Уклад у развіццё Т. робяць мітрапаліт Філарэт, кардынал К.Свёнтак, святары і багасловы С.​Гардун, У.​Завальнюк, Г.​Латушка, І.​Лашук, С.​Паўловіч і інш.

Літ.:

Майка Ю. Социальное учение католической церкви: Опыт ист. анализа: Пер. с пол. Рим;

Люблин, 1994;

Социально-политическое измерение христианства: Избр. теол. тексты XX в.: Пер. с нем., англ. и исп. М., 1994;

Тертуллиан К.С.Ф. Избр. соч.: Пер. с лат. М., 1994;

Ансельм Кентерберийский. Соч.: Пер. с лат. М., 1995;

Кокс Х. Мирской град: Секуляризация и урбанизация в теол. аспекте: Пер. с англ. М., 1995;

Мень А.В. Мировая духовная культура;

Христианство;

Церковь. М., 1995;

Тиллих П. Избранное: Теология культуры: Пер. с англ. М., 1995;

Кюнг Г. Великие христианские мыслители: Пер. с нем. СПб., 2000;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

Я.​М.​Бабосаў, У.​М.​Конан (Т. на Беларусі).

т. 16, с. 88

ТЭАЛО́ГІЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ,

адна з плыняў у каталіцкай тэалогіі. Узнікла ў 1960-я г. ў Лац. Амерыцы. Заснавальнік — перуанскі багаслоў Г.​Гуцьерэс, які выдаў у 1971 кн. «Тэалогія вызвалення. Перспектывы». Важкі ўклад у развіццё Т.в. зрабілі Л.​Боф, К.​Торэс, Э.​Камара, О.​Рамера і інш. Цэнтральныя ў Т.в. ідэі сац. справядлівасці, ганьбаванне сац. сістэм, гвалтоўных па сваёй сутнасці, якія выклікаюць голад і жабрацтва. асуджэнне паўфеад. структур Лац. Амерыкі і палітыкі неакаланіялізму. Афіц. каталіцкай тэалогіі з ідэяй сапраўднай веры Т.в. супрацьпаставіла ідэю сапраўднага дзеяння, якое вядзе да вызвалення чалавека; у некат. выпадках апраўдваецца нават узбр. барацьба. Прапаведнікі Т.в. заклікалі да скасавання несправядлівых сац. структур, эксплуатацыі бедных багатымі, няроўнага статуса жанчын, дыскрымінацыі, паліт. тыраніі і г.д. Т.в. зрабіла вял. ўплыў на інтэлектуальную думку і сац.-паліт. працэсы ў Лац. Амерыцы 1970—80-х г., нягледзячы на асуджэнне афіц. Ватыкана. З канца 1990-х г. адбываецца новы ўздым. Т.в., у якой, побач з уласна лац.-амер., дзейнічаюць афр., фемінісцкая, экатэалогія і інш. Т.в.

Дз.​Г.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 89

ТЭАРЭ́ЛЬ (Theorell) Аксель Хуга Тэадор (6.7.1903, г. Лінчэпінг, Швецыя — 15.8.1982),

шведскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. (1942), прэзідэнт (1967—69) Каралеўскай АН Швецыі, чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1959) і інш. Скончыў Каралінскі мед. ін-т у Стакгольме (1930), дзе і працаваў. У 1932—36 ва Упсальскім ун-це, у 1933—35 разам з О.Варбургам у Ін-це фізіялогіі клеткі ў Берліне. У 1937—70 дырэктар, праф., заг. аддзела Нобелеўскага мед. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па вывучэнні структуры і механізмах уздзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментаў. Атрымаў у крышт. выглядзе міяглабін, пераксідазу хрэну, цытахром С, алкагольдэгідрагеназу і інш. Нобелеўская прэмія 1955.

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Тэарэль.

т. 16, с. 90

ТЭАРЭ́МА (грэч. theorema ад theōreō разглядаю, даследую),

навуковае палажэнне, ісціннасць якога вызначаецца доказам. Доказ Т. заключаецца ў прывядзенні яе да папярэдніх тэарэм або да прапаноў, якія з’яўляюцца лагічнай асновай дадзенай тэорыі — аксіёмамі.

Многія Т. можна выказаць у форме 1 «калі А, то Б», дзе А — умова Т., Б — заключэнне. Т. 2 «калі Б, то А» наз. адваротнай адносна 1. Т. 1 і 2 узаемна адваротныя. Калі яны справядлівыя, то А наз. неабходнай і дастатковай умовай для Б (крытэрыем Б). Т. 3 «калі не А, то не Б» наз. процілеглай 1. Т. 4 «калі не Б, то не А», адваротная да процілеглай 3, раўнасільная 1. Спосаб доказу 1 прывядзеннем яе да 4 наз. метадам ад процілеглага. Прыклады Т.: калі сума лічбаў ліку дзеліцца на 3, то лік дзеліцца на 3. адваротная Т. справядлівая; калі трохвугольнік прамавугольны, то яго 2 вуглы вострыя, адваротная Т. не справядлівая.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 90