ТЭАРЭ́МА (грэч. theorema ад theōreō разглядаю, даследую),
навуковае палажэнне, ісціннасць якога вызначаецца доказам. Доказ Т. заключаецца ў прывядзенні яе да папярэдніх тэарэм або да прапаноў, якія з’яўляюцца лагічнай асновай дадзенай тэорыі — аксіёмамі.
Многія Т. можна выказаць у форме 1 «калі А, то Б», дзе А — умова Т., Б — заключэнне. Т. 2 «калі Б, то А» наз. адваротнай адносна 1. Т. 1 і 2 узаемна адваротныя. Калі яны справядлівыя, то А наз. неабходнай і дастатковай умовай для Б (крытэрыем Б). Т. 3 «калі не А, то не Б» наз. процілеглай 1. Т. 4 «калі не Б, то не А», адваротная да процілеглай 3, раўнасільная 1. Спосаб доказу 1 прывядзеннем яе да 4 наз. метадам ад процілеглага. Прыклады Т.: калі сума лічбаў ліку дзеліцца на 3, то лік дзеліцца на 3. адваротная Т. справядлівая; калі трохвугольнік прамавугольны, то яго 2 вуглы вострыя, адваротная Т. не справядлівая.
А.А.Гусак.
т. 16, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)