Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭГЕРА́Н,

горад, сталіца Ірана, у паўд. перадгор’ях Эльбурса на выш. 1100—1300 м. Адм. ц. астана Тэгеран, або Цэнтральны. Больш за 12 млн. ж. у межах метрапалітэнскай тэрыторыі (2001). Гал. трансп. вузел краіны. Міжнар. аэрапорт. Асн. эканам. (больш за 33% кошту прамысл. прадукцыі Ірана) і культ. ц. краіны. Прам-сць: аўта- і авіязборка, вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, быт. эл. прылад, рамонтна-мех.; нафтаперапр., гарбарна-абутковая, тэкст., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), цэм., шкляная і фарфора-фаянсавая. Рамёствы (мазаіка, разьба, чаканка і інш.). Тэгеранскі, Нац. і Тэхнал. ун-ты. Тэатры. Музеі: археал., этнагр., Галестанскі палац, маст. галерэя «Негарэстан».

Першыя звесткі пра Т. у крыніцах 12 ст. У пач. 13 ст. разбураны манголамі. Неўзабаве адноўлены. Зручнае яго геагр. размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю. З 14 ст. буйны гандл. горад. У 1404 1-ы з еўрапейцаў у Т. пабываў пасол Кастыліі пры двары Цімура. У 1722 разрабаваны афганцамі. З 1786 сталіца Ірана. Адзін з цэнтраў Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1906 тут адбылося 1-е пасяджэнне парламента (меджліса). Месца правядзення Тэгеранскай канферэнцыі 1943.

У старым горадзе (рэканструяваны ў 1870—72) знаходзяцца: базар (засн. ў 16 ст.), Галестанскі палац (18—19 ст., цяпер Маст. музей), мячэці Шахская (1809—40) і Селахсалар (1878—90). Сучасны горад з рэгулярнымі кварталамі, прамавугольнай сеткай вуліц з плошчамі, скверамі, фантанамі, забудаваны шматпавярховымі атэлямі, банкамі, адм. будынкамі, 10—12-павярховымі жылымі дамамі ў духу еўрап. архітэктуры, а таксама асабнякамі-катэджамі. Сярод значных пабудоў 1930—50-х г.: комплекс ун-та, Археал. музей, нац. с.-г. банк, будынак Сената, гар. сад са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі.

Панарама Тэгерана.

т. 16, с. 104

ТЭГЕРА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

нарада кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі (У.​Чэрчыль), ЗША (Ф.​Рузвельт) і СССР (І.​В.​Сталін) 28.11—1.12.1943 у г. Тэгеран у 2-ю сусв. вайну; 1-я сумесная сустрэча лідэраў 3 вядучых краін антыгітлераўскай кааліцыі. Праходзіла пры ўдзеле дыпламат. і ваен. прадстаўнікоў 3 дзяржаў. Абмяркоўваліся пераважна пытанні каардынацыі ваен. дзеянняў супраць нацысцкай Германіі і яе сатэлітаў, а таксама праблемы супрацоўніцтва і забеспячэння трывалага міру пасля вайны. Прынята рашэнне аб адкрыцці ў Еўропе другога фронту ў маі 1944 (аперацыя «Оверлорд»), Каб дапамагчы гэтаму, СССР абавязаўся арганізаваць вял. наступленне на Усх. фронце Сав. дэлегацыя прынцыпова пацвердзіла згоду пасля заканчэння вайны ў Еўропе ўступіць у вайну супраць Японіі. Вырашана перадаць абмеркаванне пытання аб пасляваен. расчляненні тэр. Германіі на разгляд Еўрап. кансультатыўнай камісіі. Папярэдне прадугледжана ўстанавіць пасляваен. межы Польшчы па лініі р. Одэр (на З) і па «Керзана лініі» (на У). 1.12.1943 падпісаны выніковыя дакументы канферэнцыі — Дэкларацыя трох дзяржаў (зацвердзіла дасягнутыя дамоўленасці па ваен. пытаннях) і Дэкларацыя аб Іране (абвясціла аб імкненні захаваць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. недатыкальнасць Ірана). Т.к. садзейнічала ўмацаванню супрацоўніцтва гал. дзяржаў антыфаш. блока і ўзгадненню планаў ваен. дзеянняў супраць Германіі.

Кр.: Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971.

Літ.:

Сталин. Рузвельт, Черчилль. Де Голль: Полит. портреты. Мн.,1991.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 104

ТЭГУ́,

горад на ПдУ Паўд. Карэі Адм. ц. прав. Кёнсан-Пукто. 2449 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: лёгкая, шаўкаткацкая, баваўняная, гарбарная, папяровая, тытунёвая, рысаачышчальная, мукамольная, вытв-сць гумавых вырабаў; маш.-буд., у т. л. прылады, с.-г., трансп., тэкст., паліграф. абсталяванне; каляровая металургія, ваенная, хімічная. 3 ун-ты. Паблізу здабыча кам. вугалю, медзі. Паркі, руіны сярэдневяковых палацаў і храмаў.

т. 16, с. 104

ТЭГУСІГА́ЛЬПА (Tegucigalpa),

горад, сталіца Гандураса, на Пд краіны, у даліне р. Чалутэка. 950 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, піваварная, спіртагарэлачная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., мэблевая, керамічная. Ун-т (з 1847). Акадэмія Гандураса, Гандураская акадэмія геаграфіі і гісторыі. Нац. музей. Арх. помнікі 18 ст. (касцёлы, палацы і інш.).

У старажытнасці на тэр. Т. быў індзейскі (ацтэкскі) горад, на месцы якога ў 1579 у сувязі з адкрыццём пакладаў серабра іспанцы заснавалі свой горад. У 18 ст. з распрацоўкай новых радовішчаў серабра, золата і мармуру Т. пачала хутка развівацца. Пасля абвяшчэння Гандураса незалежнай рэспублікай (1838) горад вёў барацьбу за статус сталіцы з г. Камаягуа. У 1880 Т. стала сталіцай, абодва гарады былі адміністрацыйна аб’яднаны.

т. 16, с. 104