ТЭ́МА (грэч. thema тое, што пакладзена ў аснову),
1) у літаратуры — галоўная думка, праблема літ. твора, пастаўленая пісьменнікам. Выбар Т. абумоўлены жыццёвым вопытам, грамадскімі і асабістымі інтарэсамі, маст. густам, светапоглядам, пазіцыяй пісьменніка. З Т. звязана ідэя маст. твора. Раскрываецца пры дапамозе сюжэта, які падпарадкоўваецца гал. Т. твора. Напр., Т. зямлі, якая спрадвеку ўвасабляла для селяніна волю і шчасце, праходзіць праз усю паэму Я.Коласа «Новая зямля» і аб’ядноўвае ўсе сюжэтныя лініі. У творы могуць быць пабочныя Т., якія разам з галоўнай складаюць тэматыку твора (у трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, побач з Т. чалавек і нацыя, становішча бел. народа ў Расійскай імперыі, жыццё розных слаёў бел. грамадства і г.д., выразна прасочваецца гал. Т. — народ і інтэлігенцыя, пошукі апошняй шляхоў духоўнага абуджэння). Існуюць т.зв. «вечныя Т.» — каханне, смерць, сэнс жыцця, — якія ў розныя часы і рознымі аўтарамі вырашаліся па-рознаму Вял. значэнне для твора мае актуальнасць узнятай Т. 2) У выяўленчым мастацтве аб’ект выяўлення, жыццёвыя з’явы, праблемы і прынцыпы, пакладзеныя ў аснову маст. твора; асн. прынцып утварэння жанраў (бытавы жанр, гістарычны жанр, нацюрморт, партрэт, пейзаж). Т. канкрэтызуецца ў сюжэце і выяўл. матывах, у ідэі твора, змесце творчасці і светаўспрыманні мастака. Пастаяннае кола Т. ў мастацтве пэўнай эпохі, кірунку, стылю, у творчасці мастака наз. тэматыкай. У мастацтвазнаўстве бытуюць паняцці тэматычнай кампазіцыі (у манум. жывапісе, у скульптуры і графіцы) і сюжэтна-тэматычнай карціны, звязаныя з іерархіяй Т. (гісторыка-рэв., батальная, быт. і інш.).
3) У музыцы — пабудова, што ляжыць у аснове муз. твора ці яго часткі, у якой увасабляецца гал. ідэя твора. Выяўляецца з дапамогай відазменных паўтораў, варыяцыйных і варыянтных пераўтварэнняў, матыўнай распрацоўкі санатнага тыпу. Т. мае дваістую прыроду: з аднаго боку, гэта маст. вобраз у драматургіі музычнай, з другога — спецыфічна арганізаваная пабудова, якая выконвае кампазіцыйную функцыю. Класічным Т. уласцівы пэўны характар (лірычны, драм., эпічны), жанравыя (танц., маршавыя, харальныя, песенныя) і стылявыя асаблівасці. Змест твора вызначаецца драматургіяй муз. твора, якая складаецца з Т. ці групы Т., а таксама засн. на трансфармацыі адной Т. (гл. Монатэматызм).
Тэрмін вядомы з 16 ст. Традыц. носьбітам Т. з’яўляецца аднагалосая мелодыя (у фузе) ці мелодыя з усімі галасамі суправаджэння (у гамафонных формах, гл. Гамафонія). З сярэдзіны 19 ст. ў гамафоннай музыцы побач з Т. класічнага тыпу пашыраюцца кароткія Т. (гл. Лейтматыў) і т.зв. бясконцая мелодыя (непарыўнае меладычнае разгортванне без выразнага вылучэння Т.). У музыцы 20 ст. ролю Т. выконваюць таксама рытм, тэмбр, фактура, гармонія і інш.
У бел. прафес. музыцы, якая развіваецца на аснове класічных традыцый, Т. — вызначальны фактар зместу муз. твора. Багацце бел. нар. песень адлюстравана ў разнастайнасці муз. Т., блізкіх да фальклору, і ў апрацоўках нар. мелодый. Меладычнасць, напеўнасць, эмац. адкрытасць і глыбіня пачуццяў — гал. рысы лепшых муз. Т. у жанры масавай песні.
Літ.:
Валькова В. К вопросу о понятии «музыкальная тема» // Муэыкальное искусство и наука. М., 1978. Вып. 3;
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Назайкинский Е.В. Логика музыкальной композиции. М., 1982.
Т.І.Шамякіна (літаратура), С.У.Пешын (выяўленчае мастацтва), Р.Р.Каленька (музыка).
т. 16, с. 123