ТЭМП у музыцы,

хуткасць выканання, выражаная ў частаце чаргавання метрычных доляў. Абазначаецца тэрміналагічна ці метранамічна і спалучэннем тэрміналагічных і метранамічных паказчыкаў. З 17 ст. Т. пазначаецца спец. італьян. тэрмінамі. Асн. з іх: павольныя Т. (grave, largo, adagio, lento), умераныя (andante, moderato); хуткія (animato, allegro, vivo, presto). Т. цесна звязаны з характарам, стылем, жанрам муз. твора, з усімі элементамі муз. формы, залежыць таксама ад выканаўцы (яго індывідуальнасці, муз. вопыту, традыцый выканання). Некат. жанры характарызуюцца акрэсленым Т. (вальс, марш). Для дакладнага вымярэння Т. служыць метраном.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)