ТЭМПЕРА́МЕНТ (ад лац. temperamentum належныя суадносіны частак, суразмернасць),
характарыстыка індывіда з боку яго дынамічных асаблівасцей: інтэнсіўнасці, хуткасці, тэмпу і рытму псіхічных працэсаў і станаў. Актыўнасць і эмацыянальнасць — кампаненты, якія прысутнічаюць у большасці класіфікацый і тэорый Т. Актыўнасць паводзін характарызуе ступень энергічнасці, імклівасці, хуткасці, а таксама маруднасці, інертнасці; эмацыянальнасць характарызуе асаблівасці працякання эмоцый, пачуццяў, настрояў і іх якасць. Адрозніваюць уласна Т. як пэўнае ўстойлівае спалучэнне псіхадынамічных якасцей, што праяўляюцца ў дзейнасці і паводзінах, і яго арганічную аснову. Вядомы 3 асн. сістэмы тлумачэнняў сутнасці Т. Першая (гумаральная) звязвае стан арганізма з суадносінамі розных вадкасцей, у выніку чаго вылучаюцца 4 тыпы Т.: сангвінічны, халерычны, меланхалічны, флегматычны (Гіпакрат, К.Гален і інш.). Другая (канстытуцыянальная) грунтуецца на адрозненнях у канстытуцыі арганізма (Э.Крэчмер, У.Шэлдан і інш.). Трэцяя звязвае Т. з дзейнасцю цэнтр. нерв. сістэмы Паводле вучэння І.П.Паўлава вылучаюцца 3 асн. ўласцівасці нерв. сістэмы (сіла, ураўнаважанасць, рухомасць узбуджальнага і тармазнога працэсаў) і 4 асн. іх спалучэнні (4 тыпы вышэйшай нерв. дзейнасці): моцны, ураўнаважаны, рухомы; моцны, ураўнаважаны, інертны; моцны, неўраўнаважаны; слабы. Першаму тыпу адпавядае Т. сангвініка, другому — флегматыка, трэцяму — халерыка, чацвёртаму — Т. меланхоліка. Даследаванні Б.М.Цяплова і У.Дз.Небыліцына паказалі, што колькасць камбінацый значна большая. Аднак 4 тыпы Т. як найб. абагульненыя выкарыстоўваюцца для вывучэння індывідуальнасці. Т. адносна ўстойлівы і амаль не мяняецца пад уздзеяннем асяроддзя і выхавання, аднак ён мяняецца ў антагенезе. Уласцівасці Т. могуць спрыяць або процідзейнічаць фарміраванню пэўных рыс асобы.
т. 16, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)