Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Бога як трансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл. Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл. Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.​С.​Салаўёў, П.​Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг. экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.​Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).

т. 16, с. 105