ТЭЎАНТЭПЕ́К (Tehuantepec),
Тэўантэпекскі перашыек, паласа сушы паміж зал. Кампечэ Атлантычнага ак. і зал. Тэўантэпек Ціхага ак., на тэр. Мексікі. Шыр. 215—240 км. Уздоўж берагоў — алювіяльна-марскія нізіны, ва ўнутр. ч. — узвышшы да 650 м. Трапічныя лясы і саванны. Буйныя радовішчы нафты, газу і самароднай серы. Праз перашыек праходзяць чыгунка, шаша, нафта- і газаправоды, якія злучаюць узбярэжжы. Порт — Каацакаалькас. Па Т. часта праводзяць паўн. мяжу Цэнтр. Амерыкі.
т. 16, с. 146
ТЭЎАНТЭПЕ́К (Tehuantepec),
заліў Ціхага ак., каля паўд. берагоў Мексікі, у раёне аднайм. перашыйка. Даўж. 110 км, шыр. ля ўвахода каля 450 км, глыб. пераважна да 200 м, найб. (каля ўвахода) да 2000 м. Прылівы паўсутачныя (Да 2,6 м). Гал. порт — Саліна-Крус.
т. 16, с. 146
ТЭ́ЎЛІ,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец—Кобрын; чыг. ст. на лініі Брэст—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад г. Кобрын, 52 км ад Брэста. 691 ж., 246 двароў (2002). Пач. школа-сад, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі рас. салдат, якія загінулі ў 1 -ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Свята-Успенская царква (1874), Свята-Дзмітрыеўская капліца (18 ст.).
т. 16, с. 146
ТЭЎТА́Т,
у старажытнай кельцкай міфалогіі і рэлігіі бог плем. калектыву, апякун ваен. і мірнай дзейнасці. Т. прыносіліся чалавечыя ахвяры (людзей тапілі ў вадзе). У перыяд рым. панавання ў населенай кельтамі Галіі Т. атаясамлівалі з рым. богам вайны Марсам.
т. 16, с. 146
ТЭЎТО́НСКІ О́РДЭН (лац. Ordo Theutonicorum),
Нямецкі ордэн, афіцыйная назва Ордэн шпіталя найсвяцейшай дзевы Марыі ў Іерусаліме, каталіцкая рыцарска-манаская арг-цыя і дзяржава. Засн. ў Палесціне ў 1198—99 пасля 3-га крыжовага паходу для апекі над пілігрымамі, хворымі і барацьбы з «нявернымі» (мусульманамі). У ім дамінавалі немцы. У Т.о. уваходзілі браты-рыцары, капеланы і працаўнікі. Вышэйшы кіраўнік — пажыццёва выбраны вял. магістр, якому падпарадкоўваліся цэнтр ўраднікі — комтур, маршал і інш. Рэзідэнцыі вял. магістра — гарады Акон у Палесціне (да 1291), Венецыя (1291—1309), Мальбарк (1309—1457), Каралявец (Кёнігсберг; з 1457). Уладанні ордэна ў розных частках «Свяшчэннай Рым. імперыі» падзяляліся на вобласці на чале з краёвымі магістрамі: Нідэрланды, Багемія, Аўстрыя, Цюрынгія-Саксонія, Эльзас-Бургундыя, Латарынгія, Кобленц, Марбург, Боцэн і Вестфалія. У 1221 рым. папа вызваліў Т.о. ад кантролю свецкіх улад. Усталяванне ордэна ў Прусіі адбывалася на падставе прывілея імператара Фрыдрыха II (1226), Крушвіцкага дагавора з кн. Конрадам I Мазавецкім (1234), які дазволіў стварэнне рыцарскай дзяржавы ў Прусіі, і булы папы Грыгорыя IX (1234), які перадаў зямельныя ўладанні ордэну ў якасці папскага лена. Па просьбе мазавецкага князя рыцары пачалі барацьбу з прусамі, якіх канчаткова падпарадкавалі да 1283. У 1233 да Т.о. далучана ч. Дабжынскага ордэна, у 1237 — Лівонскі ордэн. Ордэнская дзяржава імкнулася пашырыць сваю тэр. за кошт суседзяў — ВКЛ (гл. Паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь) і Польшчы, у якой у 1308—09 захапіла Гданьскае Памор’е, а пазней і інш. землі. Экспансія Т.о. на слав. і літ. землі была спынена паражэннем у Грунвальдскай бітве 1410, пасля чаго пачаўся яго заняпад. Паражэнне ў Трынаццацігадовай вайне 1454—66 пазбавіла ордэн шэрагу зямель і гарадоў, у т. л. Мальбарка, і ператварыла яго ў васала Польшчы (гл. Тарунскі мір 1466). У 1525 апошні вял. магістр Альбрэхт Брандэнбургскі секулярызаваў ордэнскую дзяржаву і ператварыў яе ў свецкае герцагства Прусія (гл. таксама Прусія). Як міжнар. каталіцкая арг-цыя Т.о. існуе і цяпер (сядзіба і архіў у Вене), вядзе рэліг. і асв.-дабрачынную дзейнасць.
Г.М.Сагановіч.
т. 16, с. 147
ТЭЎТО́НЫ (лац. Teutoni, Teutones),
старажытнагерманскае племя, якое жыло на зах. узбярэжжы п-ва Ютландыя і ў вусці р. Эльба. Упершыню згадваюцца ў працах Пітэаса (2-я пал. 4 ст. да н.э.). У канцы 2 ст. да н.э. рушылі на Пд і разам з кімврамі і амбронамі спустошылі Галію. Большая ч. Т. разам з амбронамі ў 102 да н.э. была знішчана ў бітве каля Акваў Секстыевых (цяпер Экс-ан-Праванс, Францыя) рым. войскам на чале з Г.Марыем. Часам словам «Т.» пазначалі германцаў увогуле.
т. 16, с. 147