Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЗАЎРАВА́ННЕ ЗО́ЛАТА (ад грэч. thesauros скарб),

накапленне прыватнымі асобамі золата ў форме зліткаў, манет. ювелірных вырабаў з мэтай страхавання зберажэнняў ад інфляцыйнага абясцэньвання, а таксама пад пагрозай страт у час паліт. ці эканам. крызісаў. У шырокім сэнсе — стварэнне залатога запасу цэнтр. банкамі, казначэйствамі і спец. фондамі.

т. 16, с. 105

ТЭЗА́ЎРУС (ад грэч. thēsauros скарб. скарбніца). 1) у мовазнаўстве: максімальна поўны слоўнік слоў пэўнай мовы з вычарпальнымі тэкставымі ілюстрацыямі. Ажыццявімы пераважна для мёртвых моў, на якіх тэксты гістарычна абмежаваныя ў колькасных адносінах. Напр., укладанне «Тэзаўруса лацінскай мовы» (з 1900). Т. наз. таксама слоўнік, які пабудаваны па сістэме прадметна-тэмат. груп, згодна з загадзя вызначанай іерархічнай сістэмай паняццяў (напр., лінгвістычны Т., статыстычны Т. і інш.).

2) Т. у інфарматыцы — слоўнік, які змяшчае лексічныя адзінкі (дэскрыптары) інфарм.-пошукавай мовы, а таксама сістэму семантычных суадносін, неабходную для арганізацыі найб. поўнага і дакладнага пошуку. Асн. тыпы семантычных суадносін паміж гэтымі дэскрыптарамі — род — від, частка — цэлае, мэта — сродкі і інш.

Адрозніваюцца Т. прынцыпам іх арганізацыі (алфавітны, іерархічны, фасетны — група аднародных тэрмінаў, звязаных якой-н. агульнай прыкметай), спосабам выкарыстання (машынны ці безмашынны), тэматыкай і паўнатой ахопу лексікай Т. пэўнай галіны (базавы, рабочы, вузкатэматычны, шматгаліновы і інш.). Т. у праграмным забеспячэнні — файл з сінонімамі, які захоўваецца ў памяці ЭВМ ці інш. носьбіце разам з праграмай (напр., транслятарам), што выкарыстоўвае гэты файл.

Літ.:

Никитина С.Е. Тезаурус по теоретической и прикладной лингвистике. М., 1978;

Караулов Ю.Н. Лингвистическое конструирование и тезаурус литературного языка М., 1981;

Русский семантический словарь: Опыт автоматич построения тезауруса: от понятия к слову. М., 1982 Шемакин Ю.И. Тезаурус з автоматизированных системах управления и обработки информации. М., 1974.

А.​Я.​Міхневіч (мовазнаўства), М.​П.​Савік (інфарматыка).

т. 16, с. 105

ТЭ́ЗІС (грэч. thesis палажэнне, сцвярджэнне),

1) у шырокім сэнсе — адно з асноватворных палажэнняў пэўнай канцэпцыі ці тэорыі.

2) У філасофіі Г.​Гегеля — зыходны момант у працэсе дыялект. развіцця, які разам з антытэзісам і сінтэзам складаюць трыяду.

3) У логіцы — палажэнне, сапраўднасць якога патрабуе доказу.

т. 16, с. 105