Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭН (Taine) Іпаліт Адольф (21.4.1828, г. Вузье, Францыя — 5.3.1893),

французскі філосаф, сацыёлаг мастацтва, гісторык. Родапачынальнік эстэт. тэорыі натуралізму, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве. Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1848—51). Чл. Франц. акадэміі (1878). Асн. творы: «Крытычныя спробы» (1858), эцюды пра А.​Бальзака (1858) і Стэндаля (1864), «Гісторыя англійскай літаратуры» (т. 1—4, 1863—64), «Філасофія мастацтва» (1865—69). Аўтар кніг нарысаў «Пірэнейскае падарожжа» (1855), «Падарожжа па Італіі» (1866), «Нарысы сучаснай Англіі» (1871) і інш. У гіст. працы «Паходжанне сучаснай Францыі» (т. 1—6, 1876—94) крытыкаваў Франц. рэвалюцыю канца 18 ст., якабінскую дыктатуру.

т. 16, с. 126

ТЭ́НАР (ад лац. tenor раўнамерны рух, напружанне голасу),

1) высокі мужчынскі голас. Асн. віды Т.: лірычны (Ленскі ў оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), драм. (Каварадосі ў оперы «Тоска» Дж.​Пучыні, Атэла ў оперы «Атэла» Дж.​Вердзі), характарны (Юродзівы ў оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага).

2) Партыя ў хоры паміж басам і альтам.

3) Назва меднага шырокамензурнага духавога інструмента авальнай формы з сям’і саксгорнаў, а таксама віды некаторых муз. інструментаў, звычайна сярэдняга рэгістра (саксафон, домра і інш.).

4) У сярэдневяковай шматгалосай музыцы — назва муз. партыі, якой даручалася выкананне вядучай мелодыі (cantus firmus).

т. 16, с. 126

ТЭНАЧТЫТЛА́Н (Tenochtitlán),

горад у даліне Мехіка, сталіца дзяржавы ацтэкаў у 14 — пач. 16 ст. Паводле падання, засн. ў 1325 на востраве воз. Тэскока. Горад (пл. каля 7,5 км²) быў перарэзаны шматлікімі каналамі і злучаўся з мацерыком 3 дамбамі з пад’ёмнымі мастамі. Быў падзелены на 4 раёны, а кожны раён — на 5 кварталаў. У цэнтры Т. размяшчаліся манум. храмы (галоўны — выш. 30 м), палацы правіцеляў і знаці. Рамеснікі жылі ў асобным паселішчы Амантлан. У час ісп. заваявання Мексікі Т. разбураны (1521), на яго месцы засн. г. Мехіка.

т. 16, с. 126

ТЭНГІ́З, Дэнгіз,

горка-салёнае возера ў Казахстане, у паўн. частцы Казахскага драбнасопачніка. Размешчана ў тэктанічнай Тэнгіз-Кургальджынскай упадзіне. Пл. 1590 км², даўж. 75 км, шыр. 40 км, глыб. да 8 м. Берагі пераважна нізінныя, усх. бераг моцна парэзаны; некалькі астравоў. На ПнУ — мелкаводны заліў. Дно роўнае, месцамі ўкрыта чорным ілам. У асобныя гады значная ч. возера перасыхае. У вадзе ёсць мірабіліт (салёнасць 3—12‰). Ледастаў у снеж.—красавіку. Упадае р. Нура.

т. 16, с. 127

ТЭНГРЫ-НУ́Р,

другая назва возера Намца.

т. 16, с. 127

ТЭНДАВАГІНІ́Т (ад позналац. tendo сухажылле + vagina похва),

запаленне сухажыльных похваў. Адрозніваюць востры і хранічны, інфекц. (у выніку пранікнення гнаяроднай мікрафлоры і інш.) і асептычны (пры траўматызацыі і перанапружанні похваў сухажылляў і тканак, якія іх абкружаюць). Часцей Т. бывае на кісцях рук, перадплеччах, голені галёнкі*. Прыкметы: прыпухласць па ходзе сухажылля, боль, хруст, абмежаванне рухаў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 127

ТЭНДЗІ́Н Г’ЯТСО́, Далай-лама 14-ы (н. 6.7.1935, в. Амдо, прав. Цынхай, Кітай), духоўны кіраўнік будыстаў-ламаістаў. У 1940 абвешчаны перараджэннем (рэінкарнацыяй) Далай-ламы 13-га. У 1950 афіцыйна прыняў сан далай-ламы і стаў духоўным і свецкім правіцелем Тыбета. Пасля ўступлення кіт. войск у Тыбет вымушаны ў 1951 прызнаць суверэнітэт Кітая над Тыбетам У 1954—59 дэп. Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, адначасова ў 1955—59 — старшыня падрыхтоўчага к-та па стварэнні Тыбецкага аўт. раёна. Пасля паўстання 1959 у Тыбеце эмігрыраваў у Індыю, дзе пасяліўся ў в. Дхарамсала. Выступае за незалежнасць Тыбета, але падтрымлівае выключна мірныя сродкі барацьбы. Нобелеўская прэмія міру 1989.

т. 16, с. 127

ТЭ́НДРАЎСКАЯ КАСА́, Тэндра,

нізінны пясчаны востраў каля паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., на ПдУ ад г. Адэса; тэр. Украіны. Даўж. каля 65 км, шыр. да 1,8 км. 28—29.8.1790 каля Т.к. адбыўся марскі бой паміж рус. і тур. флатамі.

т. 16, с. 127

ТЭНДЭНЦЫ́ЙНАСЦЬ (ад тэндэнцыя) у мастацтве, ідэйная, сац.-паліт. накіраванасць маст. твораў; выяўленне ў маст. творчасці сац.-паліт., ідэйна-эстэт. пазіцый творцы. Цесна звязана з ідэйнасцю ў мастацтве, якая раскрывае прыхільнасць аўтара да пэўных сац. па змесце ідэй і каштоўнасных арыентацый. Як катэгорыя Т. атрымала метадалагічнае абгрунтаванне ў марксісцкай эстэтыцы, дзе яна трактавалася як аб’ектыўная заканамернасць маст. творчасці; найвышэйшай формай выяўлення Т. абвяшчалася партыйнасць — адлюстраванне ў маст.-вобразнай форме карэнных інтарэсаў прагрэсіўнага класа. З канца 20 ст. ў эстэтыцы і маст. крытыцы Т. разглядаецца як выяўленне ўплыву соцыуму на маст. творчасць. Калі гэты ўплыў не мае арган. сувязі з сістэмай і логікай развіцця маст. вобразаў, ён зніжае ўзровень мастацтва, прыводзіць да прэваліравання ідэалагічнага і маралізатарскага пачаткаў над маст. каштоўнасцю твора.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),

накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127