ТЭНДЭНЦЫ́ЙНАСЦЬ (ад тэндэнцыя) у мастацтве, ідэйная, сац.-паліт. накіраванасць маст. твораў; выяўленне ў маст. творчасці сац.-паліт., ідэйна-эстэт. пазіцый творцы. Цесна звязана з ідэйнасцю ў мастацтве, якая раскрывае прыхільнасць аўтара да пэўных сац. па змесце ідэй і каштоўнасных арыентацый. Як катэгорыя Т. атрымала метадалагічнае абгрунтаванне ў марксісцкай эстэтыцы, дзе яна трактавалася як аб’ектыўная заканамернасць маст. творчасці; найвышэйшай формай выяўлення Т. абвяшчалася партыйнасць — адлюстраванне ў маст.-вобразнай форме карэнных інтарэсаў прагрэсіўнага класа. З канца 20 ст. ў эстэтыцы і маст. крытыцы Т. разглядаецца як выяўленне ўплыву соцыуму на маст. творчасць. Калі гэты ўплыў не мае арган. сувязі з сістэмай і логікай развіцця маст. вобразаў, ён зніжае ўзровень мастацтва, прыводзіць да прэваліравання ідэалагічнага і маралізатарскага пачаткаў над маст. каштоўнасцю твора.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)