ТЭНАЧТЫТЛА́Н (Tenochtitlán),

горад у даліне Мехіка, сталіца дзяржавы ацтэкаў у 14 — пач. 16 ст. Паводле падання, засн. ў 1325 на востраве воз. Тэскока. Горад (пл. каля 7,5 км²) быў перарэзаны шматлікімі каналамі і злучаўся з мацерыком 3 дамбамі з пад’ёмнымі мастамі. Быў падзелены на 4 раёны, а кожны раён — на 5 кварталаў. У цэнтры Т. размяшчаліся манум. храмы (галоўны — выш. 30 м), палацы правіцеляў і знаці. Рамеснікі жылі ў асобным паселішчы Амантлан. У час ісп. заваявання Мексікі Т. разбураны (1521), на яго месцы засн. г. Мехіка.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)