ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),
накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.
В.А.Салееў.
т. 16, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)