ТЭКСТАЛО́ГІЯ (ад тэкст + ... логія),
галіна філалогіі, якая вывучае гісторыю тэксту твораў пісьменства, л-ры і фальклору для далейшага даследавання і публікацыі. Гал. яе задача — устанаўленне і крытычнае прачытанне тэксту на падставе вывучэння крыніц (рукапісаў, друкаваных выданняў), класіфікацыі і інтэрпрэтацыі перапрацовак тэксту, выяўлення скажэнняў, зробленых пабочнымі асобамі. Адрозніваюць Т. ант., сярэдневяковай і новай л-р. Своеасаблівыя праблемы мае Т. фальклору, паколькі творы вуснай нар. творчасці існуюць у мностве раўнапраўных варыянтаў. Т. патрабуе шырокай дасведчанасці даследчыка, выкарыстання даных бібліяграфіі, крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі, герменеўтыкі, гісторыі грамадскай думкі, мовы, арфаграфіі, гісторыка-літ. і агульнагіст. звестак і г.д. Тэксталагічнае даследаванне выступае і як частка літ.-знаўчага метаду, як спосаб вывучэння л-ры. звязана з гісторыяй і тэорыяй л-ры. У зменах тэксту адлюстроўваюцца заканамернасці развіцця л-ры і розныя грамадскія тэндэнцыі. На падставе гісторыі тэксту рэканструюецца творчы працэс і даследуецца творчая гісторыя літ. твора. Прыватнымі пытаннямі гісторыі тэксту з’яўляюцца атрыбуцыя, датаванне, лакалізацыя. Пры выданні літ. твораў (навук. эдыцыі) тэкстолагі вырашаюць шэраг праблем: адбор і размеркаванне твораў, выбар тэкстаў, складанне даведачнага апарату (уступны артыкул, каментарый, паказальнік), транскрыпцыя (перадача тэксту са зменамі знешніх прыёмаў пісьма ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі пры захаванні зместу і стылю арыгінала).
Выданні падзяляюцца на папулярныя і навуковыя: навуковыя — на дыпламатычныя (дакладна перадаюць тэкст крыніцы) і крытычныя; факсімільнае выданне захоўвае і знешні выгляд крыніцы. Вышэйшым тыпам навук. выданняў з’яўляецца акад. выданне. Гісторыя Т. пачынаецца з ант. філалогіі. Т. новага часу бярэ пачатак ад філал. даследаванняў гуманістаў і навук. выданняў класічных тэкстаў у эпоху Адраджэння. Т. з прыкладной дысцыпліны паступова ператварылася ў самаст. навуку, стала неабходнай часткай літ.-знаўчага даследавання, мае вял. гіст.-культ. значэнне.
На Беларусі тэксталагічнымі прыёмамі карысталіся Ф.Скарына, С.Будны, складальнікі і рэдактары статута ВКЛ, летапісных зводаў, выдаўцы ананімных паэм Я.Карскі і Е.Раманаў, супрацоўнікі выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якія рыхтавалі падпісную серыю «Беларускія песняры» (творы Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, пераклад «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, усяго 6 тамоў). Навук. даследаванне бел. летапісаў распачаў І.Даніловіч, помнікі бел. пісьменнасці выдавала Віленская археагр. камісія і інш. Т. стараж. л-ры абумоўлена спецыфікай сярэдневяковага пісьменства, характарам бытавання яго помнікаў (пераважна ў рукапісах), асаблівасцямі працы стараж. кніжнікаў і інш. Неразвітасць аўтарскага пачатку і звязаная з гэтым ананімнасць многіх твораў, няўстойлівасць тэксту, наяўнасць розных спісаў і рэдакцый аднаго і таго ж помніка, адсутнасць аўтарскага тэксту, шматмоўнасць пісьмовай спадчыны Беларусі стараж. перыяду, своеасаблівасць культ.-гіст. кантэксту, у якім узнікалі і бытавалі літ. творы, ствараюць дадатковыя цяжкасці для даследчыка-медыявіста і часам робяць немагчымым грунтоўнае вывучэнне пісьмовага помніка без яго тэксталагічнага даследавання. Непасрэднаму літ.-знаўчаму аналізу твора папярэднічаюць пошук і вывучэнне яго розных спісаў, атрыбуцыя рукапісаў, у якіх ён захаваўся, вызначэнне іх складу, часу і месца ўзнікнення, прачытанне тэксту і параўнанне яго з інш. спісамі, выяўленне і асэнсаванне розначытанняў, высвятленне месца дадзенага спісу сярод інш. спісаў і рэдакцый, па магчымасці, рэканструкцыя пратографа або нават тэксту, блізкага да аўтарскага. Спецыфіку і асаблівыя цяжкасці мае тэксталагічнае даследаванне летапісаў, якія звычайна ўяўляюць сабой складаныя зводы-кампіляцыі розных тэкстаў і літ. твораў рознага часу і розных аўтараў. Прынцыпы і правілы публікацыі помнікаў стараж. пісьменства залежаць ад тыпу і характару выдання (навук., навук.-папулярнае, у арыгінале ці ў перакладзе на сучасную мову). Значную працу па выяўленні, зборы і апісанні рукапісаў, вывучэнні помнікаў бел. пісьменства зрабіў Карскі. Тэксталагічнае даследаванне бел. летапісаў, пачатае ў 19 ст. Даніловічам, у 20 ст. прадоўжылі А.Шахматаў і Ф.Сушыцкі, пашырылі і паглыбілі М.Улашчык і В.Чамярыцкі; Зроблена археагр. апісанне ўсіх летапісных спісаў, высветлены іх узаемаадносіны і ўдакладнена класіфікацыя, праведзена тэксталагічнае параўнанне гэтых помнікаў са стараж.-рус. летапісамі і польскімі хронікамі, даследаваны ўзнікненне, крыніцы і літ. гісторыя летапісных зводаў, падрыхтавана іх навук. выданне ў «Поўным зборы рускіх летапісаў». Значны ўклад у вывучэнне і выданне помнікаў бел. пісьмовай спадчыны зрабіў А.Коршунаў, які падрыхтаваў першую «Хрэстаматыю па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), творы Афанасія Філіповіча і Скарыны, асобныя помнікі мемуарнай л-ры Беларусі 16—17 ст. Гіст.-літ. і тэксталагічнае даследаванне і публікацыю твораў стараж. бел. паэзіі ажыццявіў І.Саверчанка («Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палавіна XVII ст.», 1992), агіяграфіі і Кірылы Тураўскага — А.Мельнікаў («Кніга жыцій і хаджэнняў», 1994; «Кірыл, епіскап Тураўскі», 1997), паломніцкай л-ры — С.Гаранін («Шляхамі даўніх вандраванняў», 1999).
Станаўленне Т. бел. л-ры адбылося ў 1920—30-я г. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле І.Замоціна, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага, В.Мачульскага, М.Піятуховіча выдадзены навук.-каменціраваныя зборы твораў («Творы» М.Багдановіча, т. 1—2, 1927—28; «Матчын дар» А.Гаруна, 1929; аднатомнікі твораў Цёткі і П.Труса, 1934, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны актыўная праца ў галіне Т. бел. л-ры разгорнута ў Ін-це л-ры АН Беларусі, дзе пры сектары дакастр. л-ры створана тэксталагічная група (узначальвалі В.Барысенка, Ю.Пшыркоў). Асн. намаганні скіроўваліся на выданне спадчыны пісьменнікаў-класікаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, помнікаў стараж. пісьменства. Значнай падзеяй стаў выхад першых навукова каменціраваных збораў твораў Я Купалы (т. 1—6, 1952—54; 1961—63) і Я.Коласа (т. 1—12, 1961—64). Выдадзены таксама зборы твораў Дуніна-Марцінкевіча (1958), Багдановіча (т. 1—2, 1968), «Александрыя» (1962), «Прадмовы і пасляслоўі» Скарыны (1969), «Творы» Багушэвіча (1967). У зборы твораў Я.Купалы (1961—63) у якасці крыніц асн. тэксту выбрана не апошняе прыжыццёвае выданне, а 1-ы збор твораў (т. 1—6, 1925—32), які рыхтаваў сам аўтар. Пошук архіўных матэрыялаў і гіст.-літ. звестак, удасканаленне методыкі тэксталагічнага аналізу і каменціравання тэксту твораў спрыяльна адбіліся на падрыхтоўцы больш поўных збораў твораў Я.Купалы (т. 1—7, 1972—76) і Я.Коласа (т. 1—14, 1972—78). Выйшлі 1 -ы навукова каменціраваны збор твораў К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), «Выбраныя творы» М.Гарэцкага (т. 1—2, 1973), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), аднатомныя «Творы» Цёткі (1976), «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. (1976), «Творы» К.Каганца (1979) і інш. Даследаванне заканамернасцей развіцця бел. л-ры на ўсім працягу яе гіст. развіцця набывае мэтанакіраваны характар. Адпаведна павялічылася ўвага даследчыкаў і да маст. спадчыны мінулага. У сувязі з неабходнасцю далейшай актывізацыі тэксталагічнай работы ў 1979 на аснове тэксталагічнай групы Ін-та л-ры АН Беларусі створаны сектар выданняў і тэксталогіі (з 1986 аддзел). Выдадзены першыя навукова каменціраваныя зборы твораў І.Мележа (т. 1—10,1979—85), М.Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86) і 2 дадатковыя тамы — «Творы» (1990) і «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992), П.Пестрака (т. 1—5, 1984—86), У.Караткевіча (т. 1-8, 1987—91), З.Бядулі (т. 1—5, 1985-89), П.Броўкі (т. 1—9, 1987—92), М.Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), Я.Пушчы (т. 1—2, 1993—94), аднатомнікі Г.Леўчыка (1980), Я.Дылы і В.Каратынскага (абодва 1981), У.Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984), С.Палуяна (1986), Я.Лучыны (1988), Скарыны (1990). Багушэвіча (1991), У.Сыракомлі (1993), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983). Бел. тэкстолагі падрыхтавалі зборы твораў Я.Купалы (т 1—3, 1982) і Я.Коласа (т. 1—4, 1982—83) у перакладзе на рус. мову. Якасна новым этапам у развіцці бел. Т. сталі першыя поўныя зборы твораў М.Багдановіча ў 3 т. (1991—95) і Я.Купалы ў 9 т. (т. 1—8, 1995—2002), у якіх па-новаму вырашаны шэраг тэксталагічных праблем. Пашыраны асн. корпус поўнага збору твораў Я.Купалы за кошт твораў, якія ў папярэднія зборы не ўключаліся паводле ідэалаг. прычын і цэнзурных меркаванняў. Зменена кампазіцыя выдання: адноўлены паасобныя строфы вершаў, удакладнены крыніцы асн. тэксту і першадруку, выпраўлены недакладнасці датавання, пашыраны гіст.-літ. і рэальны каментарый, уведзены прыжыццёвыя літ.-крытычная ацэнкі твораў Я.Купалы, змешчаны гіст.-літ. нарысы пра гісторыю друкавання асн. вершаваных зб-каў паэта, упершыню змяшчаюцца яго дарчыя надпісы на кнігах і фотаздымках, службовыя і асабістыя дакументы. У 1996 распачата выданне «Беларускага кнігазбору». Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Чачота, М.Багдановіча, В.Ластоўскага, У.Жылкі, Я.Баршчэўскага, Л.Геніюш, П.Труса, Н.Арсенневай і інш., «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), зб. К.Каліноўскага «За нашую вольнасць: Творы, дакументы» (1999).
Літ.:
Вопросы текстологии. Вып. 1—4. М., 1957—67;
Прохоров Е.И. Текстология: (Принципы изданий классич. лит.). М., 1966;
Принципы текстологического изучения фольклора. М.; Л., 1966;
Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;
Гульман Р.І. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980;
Лихачев Д.С. Текстология: На материале рус. лит. X—XVII вв. 2 изд. Л., 1983;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;
Яго ж. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;
Мушынскі М.І. Беларуская тэксталогія: набыткі, праблемы // Полымя. 1980. № 1;
Яго ж. Першы Поўны збор твораў Янкі Купалы. Канцэпцыя выдання і яе практыч. ўвасабленне // Бел. археагр. штогоднік. 2000. Вып. 1;
Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Лабынцев Ю.А. Проблемы подготовки изданий собрания сочинений Скорины: традицион. и электрон варианты // Скарына і наш час. Гомель, 1999;
Современная текстология: теория и практика. М., 1997;
Гришунин А.Л. Исследовательские аспекты текстологии. М., 1998;
Голуб Т.С. У творчай майстэрні класіка: Тэксталогія твораў М.Гарэцкага. Мн., 2002.
М.І.Мушынскі, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі.
т. 16, с. 108