ТЭ́КЕРЭЙ (Thackeray) Уільям Мейкпіс (18.7.1811, г. Калькута, Індыя — 24.12.1863),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік англ. рэалізму. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (1828—29). Творчую дзейнасць пачаў як мастак-карыкатурыст (2000 малюнкаў увайшлі ў кн. «Тэкерыяна», 1875). Друкаваўся з 1836. Гал. тэма яго твораў — выкрыццё заган тагачаснага англ. грамадства. Аўтар сатырыка-гумарыстычных «Нататкі Жаўтаплюша» (1840), «Пендэніс» (1850), гіст. «Гісторыя Генры Эсманда» (1852), «Віргінцы» (1857) раманаў, сямейнай хронікі «Ньюкамы» (1855). Вяршыня яго творчасці — раман «Кірмаш пыхлівасці» (1848), у якім паказаў жыццё простых людзей у перыяд напалеонаўскіх войнаў, узняў вострыя маральна-паліт. і сац.-грамадскія праблемы. Аўтар шматлікіх аповесцей, вершаў, кніг эсэ, у т. л.сатыр. «Кніга снобаў» (1847), літ.-крытычных нарысаў («Англійскія гумарысты XVIII ст.», 1853), цыкла пародый («Раманы славутых літаратараў», 1847), рэцэнзій, перакладаў і інш. Яго творы адметныя сюжэтнай разгалінаванасцю, займальнасцю інтрыгі, рытмічнай разнастайнасцю, насычаны каламбурамі, матывамі маскі, марыянеткі. На бел. сцэне паводле казкі Т. пастаўлены спектакль «Пярсцёнак і ружа» (1999, Гродзенскі абл.драм.т-р).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—12. М., 1974—80.
Літ.:
Вахрушев В.С. Творчество Теккерея. Саратов, 1984;
Уильям Мейкпис Теккерей: Творчество. Воспоминания. Библиогр. разыскания. М., 1989;